"Адносіны зь Беларусьсю – як выраб хатняй гарэлкі"

  • Тацяна Поклад
Кіраўнік камітэту замежных спраў Сойму Літвы Юсьцінас Каросас заявіў, што Эўразьвяз мае зьмяніць ізаляцыйную палітыку ў дачыненьні да Беларусі, паколькі яна неэфэктыўная.
Каросас падтрымаў ідэю афіцыйнай сустрэчы літоўскага і беларускага прэм'ераў, якую літоўскі МЗС рэкамэндуе “арганізаваць, як толькі зьявіцца магчымасьць”.
Кіраўнік камітэту замежных спраў Сойму Літвы Юсьцінас Каросас заявіў у інтэрвію літоўскаму нацыянальнаму радыё, што дыялёг зь Беларусьсю паспрыяе яе дэмакратызацыі.
“Дыялёг і размова заўсёды лепш, чым маўчаньне”

Каросас адзначыў у інтэрвію для радыё Свабода, што пачаў выступаць з такімі прапановамі як найменей пяць гадоў таму:
“Тая палітыка, якая праводзілася дасюль, – неэфэктыўная. Як адбываліся працэсы таталітарызму, так яны і працягваюцца. І ўсе ў гэтым пераканаліся – жыцьцё паказала, што палітычная ізаляцыя не дала вынікаў цягам 10-15 гадоў. Трэба шукаць іншых шляхоў. Я ўвогуле перакананы, што дыялёг і размова заўсёды лепш, чым маўчаньне.
А пытаньні аб дэмакратыі мы маем уздымаць, і менавіта лепш гэта рабіць у размовах. Цяпер, як бачым, едуць у Кітай прэзыдэнты некаторых краінаў. І яны ў часе сустрэчы з кітайскім кіраўніком будуць уздымаць пытаньні аб парушэньні правоў чалавека. Так што ёсьць розныя формы. Я не прапаноўваю нейкага аднога рэцэпту, – шукайма іншыя шляхі, каб зрушыцца з месца”.
Сацыял-дэмакрат Ю.Каросас адзначае, што ён падтрымаў бы ідэю сустрэчы літоўскага і беларускага прэм'ераў.
У Латвіі – патаемна, у Літве – адкрыта
Сакратар літоўскага МЗС Лаймонас Талат-Кялпша заявіў, што калі зьявіцца магчымасьць, міністэрства, рэкамэндавала б арганізаваць такую сустрэчу прэм'ераў дзьвюх суседніх краінаў.
Прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі, які не ўваходзіць у г.зв.”чорны сьпіс” беларускіх чыноўнікоў і можа наведваць заходнія краіны, у ліпені сустракаўся са сваім калегам у Латвіі Іварсам Гуодманісам.
“Я думаю, навошта нам хавацца? Цяпер Гуодманіс сустрэўся з Сідорскім, як кажуць, патаемна, – але чаму мы мусім сакрэтнічаць? – кажа Ю.Каросас. – Жыцьцё дыктуе іншыя варыянты. А мы ўпарта трымаемся за старую схему. Калі жыцьцё гэтую схему разбурае, то мы маем яе зьмяніць, бо жыцьцё мы ня зьменім. Шукаем нейкія шляхі, спрабуем абыйсьці схему, сакрэтнічаць – я кажу, што гэта падобна на справу з вырабам хатняй гарэлкі: усе вырабляюць, ужываюць, а афіцыйна гэтага як бы й няма. Так што, трэба думаць аб зьменах тых схемаў, законаў, якія адпавядалі б рэальнаму жыцьцю”.
“Падтрымліваючы гэты рэжым, мы працягнем яго жыцьцё”
Сябра парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь” з апазыцыйнай партыі кансэрватараў Раса Юкнявічэне адзначае, што такія прапановы больш на карысьць цяперашняму кіраўніцтву Беларусі:
“Думаю, што тут глядзяць на кароткачасовую карысьць з такіх кантактаў. Ведаю, што і бізнэсоўцы нашыя некаторыя лічаць, што трэба спрабаваць жыць з тым, што ёсьць, раз такая ўлада ў Беларусі. Але гэта блізкарукі падыход, а ў сэнсе доўгатэрміновай пэрспэктывы прайграюць усе – і Літва, і Беларусь.
Як савецкая сыстэма пала, так і беларуская сыстэма ня мае пэрспэктывы. Падтрымліваючы гэты рэжым, мы працягнем яго жыцьцё. Сутнасьць тут у тым, што Літва, як і Эўропа, спрабуе шукаць шляхі падтрымліваць сувязі і зь іншым аўтакратычным рэжымам – Расеяй.
Для мяне гэтыя абодва рэжымы падобныя, за выключэньнем таго, што Расея спрабуе неяк імітаваць дэмакратыю, а ў Беларусі ўсё адкрыта. Я прыхільніца таго, каб рэжым не падтрымліваўся тымі дзяржавамі, якія імкнуцца, каб Беларусь стала нармальнай дэмакратычнай краінай”.
Днямі на літоўскай нацыянальнай тэлевізіі плянуецца адкрытая дыскусія адносна палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.