Пра спробы ўніфікацыі беларускага правапісу -- мовазнаўца Зьміцер Саўка:
“Я пазнаёміўся з законам аб новым правапісе і павінен адзначыць: як і прадбачылася, у ім шмат супярэчнасьцяў, шмат блытаніны, шмат недакладнасьцяў. І ўвогуле ён вызначаецца, у адрозьненьне ад ранейшых зьменаў 1933 і 1957 гадоў, беспрынцыпнасьцю.
У 1933-м была відавочная мэта русыфікаваць беларускі правапіс. У 1957-59 гадох мэта была зусім іншая – вярнуць беларускаму правапісу нейкія ўласьцівасьці ўласна беларускія. Гэта час хрушчоўскай палёгкі, там таксама прасочвалася тэндэнцыя, несумненна, на беларусізацыю пісьма. Яна не была настолькі глыбокай, як русыфікацыя 1933 году, але ўсё ж шмат пазытыўных рашэньняў там утрымліваецца.
Што ж да зьменаў правапісу 2008 году, то яны адзначаюцца абсалютнай беспрынцыпнасьцю. З аднаго боку, прымаюцца рашэньні на далейшую фанэтызацыю – правядзеньне “яканьня” ў лічэбніках, з другога вельмі хібная зьява: так званая арацыя – ненаціскныя фіналі “эр”, “эль” прапануецца пісаць праз “ар”, “аль” і такім чынам зацямняць этымалёгію гэтых словаў. Такіх вось дзівотаў і памароцтваў у новым законе поўна. І я пастараюся найхутчэйшым часам на старонках “Нашай нівы”, а пазьней і “Arche” прааналізаваць, паказаць гэтыя дзіўнасьці і беспрынцыпнасьці новага закону”.