"Ставяць перад фактам, што ты — “работаешь”

У Сьветлагорску настаўнікаў пад прымусам уключаюць ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.
У Сьветлагорскай акрузе № 46 па выбарах дэпутатаў парлямэнту павінна быць сфармавана шэсьцьдзесят участковых выбарчых камісіяў.

Першасныя камісіі, якія непасрэдна займаюцца арганізацыяй выбараў і падлікам галасоў, ствараюцца тут своеасаблівым чынам. Да прыкладу, у мясцовай гімназіі дырэктар Пётар Кулакоўскі выклікаў да сябе настаўнікаў па адным і казаў, што запісвае іх ва ўчастковую камісію.

Хто спрабаваў адмаўляцца, таму дырэктар нагадваў пра працоўны кантракт: маўляў, гэта будзе ўлічвацца пры яго падаўжэньні.

Гаворыць настаўніца гімназіі, якая не пажадала публічна называць сваё прозьвішча:

“Ніхто цябе не пытае. Да цябе прыходзяць і ставяць перад фактам, што ты — “работаешь”. Я — шараговы супрацоўнік. І калі я падыйду пасьля зь нейкай просьбай (у кожнага чалавека бываюць праблемы), мне нагадаюць, што я адмовілася. Адмовяць і мне. Ты папросту з працадаўцам можаш мець праблемы. Калі адмовіш, ты патрапляеш пад назіраньне і становісься нядобранадзейным.

Справа ня ў тым, што нас масава гоняць. У нас не прынята цікавіцца думкай іншага чалавека. Бальшыня людзей, якія працуюць на гэтай выбарчай кампаніі — гэта настаўнікі. Нам кажуць, што гэта трэба, і мы ідзем і робім. Гэта складаная праца. Нам працаваць з насельніцтвам. Насельніцтва не заўсёды задаволена тым, што адбываецца навокал. Працуюць збольшага жанчыны, у якіх дома ёсьць дзеці, мужы, гаспадарка. Яны зь вялікім задавальненьнем лішні раз адпачылі б зь сям’ёй, чым займацца такой працай. Самы дурны народ — гэта настаўнікі. Іх выхавалі няправільна. Іх навучылі цярпець і выхоўваць маладое пакаленьне”.

Актывістка Партыі камуністаў беларускай са Сьветлагорску Сьвятлана Міхальчанка кажа, што мясцовыя дэмакратычныя сілы на кожных выбарах накіроўваюць у камісіі сваіх пасланцоў — і ад партый, і шляхам збору подпісаў выбарцаў. Але ўлады да гэтага часу нікога зь іх не ўключалі ў камісіі.

Сёлета прадстаўнікі АДС таксама вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у 33 мясцовыя ўчастковыя камісіі — пераважна шляхам збору подпісаў.

Што да прымусовага фармаваньня камісіяў з боку ўлады, то спадарыня Міхальчанка лічыць такі падыход непрымальным:

“Чалавек павінен выявіць жаданьне, яго згода павінна быць, каб працаваць ва ўчастковай камісіі. А калі яго прымушаюць, гэта парушэньне.

Цяпер, я так разумею, сходы правесьці складана, бо настаўнікі ў адпачынку. І яны будуць неправамоцныя, гэтыя сходы.

Наагул ад працоўнага калектыву можна вылучыць у камісію толькі аднаго чалавека, другога — ад прафсаюзнай арганізацыі.

Усе астатнія мусяць вылучацца шляхам збору подпісаў”.