У.Някляеў: “Рэха голасу Салжаніцына адгукнецца дабром”

Паэт Уладзімер Някляеў лічыць, што творчасьць Салжаніцына яшчэ не да канца ацэненая.
“Геній. Волат элінскага кшталту. Найбуйнейшая постаць сучаснасьці. Чалавек высокага таленту і высокага сумленьня. На іх скрыжаваньні, скрыжаваньні таленту і сумленьня, ён і спраўдзіў свой лёс. Гэта ня самае ўтульнае месца, якое ў жыцьці можа выбраць чалавек, але ён яго выбраў.

Расейскі патрыёт, дзяржаўнік, нават вялікадзяржаўнік — як Пушкін, як Дастаеўскі. Але дзяржаўнасьць ягоная не накрывала прастору сумежных краін гэтак, каб ад іх нічога не заставалася. Ягоная вялікая Расея не выключала існаваньня Беларусі, Украіны ці Казахстану, не праглынала.

Ён марыў уладкаваць Расею так, каб яе любілі. Найперш суседзі, далёкія і блізкія. На жаль, гэтая ягоная мара дасюль ня зьдзейсьнілася.

Асоба, чалавек, які шмат для каго быў эталёнам мужнасьці, грамадзянскасьці, праўды. Нездарма Васіль Быкаў калі нечым і пакутаваў па скон жыцьця, дык гэта тым, што імя ягонае, ягоны подпіс несправядліва быў пастаўлены некалі пад лістом супраць Салжаніцына. І я на свае вочы бачыў і на свае вушы чуў, як гэта Васіля Ўладзімеравіча мучыла. І больш ні перад кім ён не лічыў сябе вінаватым.

Апошнім часам голас ягоны трохі прыглух, голас Аляксандра Салжаніцына. Сёньняшняя Расея газу і нафты ня чула голасу свайго генія ці не хацела чуць, што адно і тое ж. Але я думаю, што лепшыя сыны Расеі чулі яго і рэха голасу Салжаніцына павінна адгукнуцца ў лёсе Расеі дабром”.