Палітык і літаратар Лявон Баршчэўскі пазнаёміўся з творамі А. Салжаніцына праз радыё:
“На мяне найбольшы ўплыў зрабіла, як я яшчэ вучыўся ў школе, — гэта было ў сярэдзіне сямідзесятых гадоў, — калі па радыё “Голас Амэрыкі” гучалі главы з раману Салжаніцына “Архіпэляг ГУЛАГ”. Іх перадавалі цягам двух месяцаў па некалькі разоў на тыдні, і я стараўся слухаць усе кавалкі. Канечне, быў ня вельмі добры прыём і я ня ўсё пачуў, але пачутае, безумоўна, вельмі адбілася на маім сьветапоглядзе. Тым больш што бацька мой, які слухаў таксама, хоць і быў у прынцыпе чалавекам савецкім, але казаў, што многае з таго, пра што піша Салжаніцын, праўда, ён пра тое чуў ад іншых і такое было рэальна.
Безумоўна, я не магу падзяляць імпэрскіх поглядаў Салжаніцына, якія выяўляліся асабліва ў часе распаду Савецкага Саюзу і пасьля яго. Але ён быў чалавек — манархіст па натуры. Гэта ягоныя погляды, на якія ён меў права. Гэтага ў яго ніхто не забярэ, гэтага не памяняеш. Але, паўтараю, гэта асоба, якая зрабіла значны ўплыў на фармаваньне цэлай праслойкі крытычнай інтэлігенцыі савецкага часу”.