Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец уладкаваўся на працу. Ён атрымаў пасаду дворніка ў Валожынскім раёне. Прычым узялі яго з выпрабавальным тэрмінам — пакуль на месяц.
“Усе мае спробы знайсьці працу ў Менску не далі посьпеху, — сказаў экс-дэпутат “Свабодзе”. — Праўда, два месяцы папрацаваў у сталічнай прыватнай фірме. Але для яе кіраўніка гэта скончылася двума з паловай гадамі “хіміі”. Больш мяне ніхто нікуды ня браў”.
С.Скрабец кажа, што пасьля заканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў ён афіцыйна зьвяртаўся да кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова і прэм’ера Сяргея Сідорскага з просьбаю дапамагчы ўладкавацца на працу. “Аднак ні Папоў, ні Сідорскі мне не адказалі”, — канстатуе былы дэпутат.
Ініцыятыўная група па вылучэньні Сяргея Скрабца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў IV скліканьня зарэгістраваная Лідзкай гарадзкой акруговай выбарчай камісіяй.