Першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка завіў, што цікавасьць да будаўніцтва АЭС у Беларусі выказалі толькі дзьве кампаніі.
Ён нагадаў, як 30 чэрвеня на нарадзе, прысьвечанай будаўніцтву АЭС, Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што неабходна яшчэ раз афіцыйна прапанаваць удзельнічаць у будаўніцтве атамнай станцыі францускай, амэрыкана-японскай і расейскай кампаніям.
Гэтыя кампаніі павінны былі адказаць да 1 жніўня. У выніку адказы прыйшлі ад францускай і расейскай кампаній.
“Наша кола звузілася да дзьвюх кампаній, — адзначыў У.Сямашка. — На сёньня расейскі “Росатом” адзначыў адназначна станоўча, што яму гэты праект цікавы. Ён гатовы ў рамках міждзяржаўнага пагадненьня паміж Расеяй і Беларусьсю рэалізоўваць гэты праект, гатовы прадставіць зьвязаныя крэдытныя сродкі. Калі мы прымем рашэньне, пойдзе практычная праца з “Росатом”-ам і ў цэлым паміж урадамі Расеі і Беларусі. Француская AREVA гатовая абмяркоўваць гэтую тэматыку і прапанавала распачаць дыялёг. Наш міністар энэргетыкі літаральна гэтымі днямі мае выехаць ці запрасіць кампанію, і мы будзем абмяркоўваць гэтую тэму”.
Амэрыкана-японская кампанія Westinghouse-Toshiba, нягледзячы на двухразовыя звароты беларускага боку цягам гэтага месяца, адказу не дала.
Паводле спадара Сямашкі, пытаньне пра выбар партнэра плянуецца вырашыць да 10 жніўня.