Ці дамовяцца “апазыцыйныя сьпісы”?

Эўрапейская кааліцыя зьвярнулася да прэзыдыюму Аб’яднаных дэмсілаў з прапановай каардынаваць дзеяньні падчас цяперашняй выбарчай кампаніі.
З “Эўрапейскага сьпісу” зарэгістравана больш за 60 ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў. Гэта сябры аргкамітэтаў па стварэньні Народнай грамады і Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама блёк прадпрымальнікаў. Зарэгістравана таксама ініцыятыўная група аднаго зь лідэраў Эўрапейскай кааліцыі Міколы Статкевіча. Ён патлумачыў сутнасьць прапанаванага пагадненьня паміж Эўрапейскай кааліцыяй і прэзыдыюмам Аб’яднаных дэмсілаў:

“Гэта адмова ад узаемнай крытыкі паміж дэмакратычнымі кандыдатамі, бо няма чаго адзін з другім змагацца, ёсьць агульны праціўнік. Другі пункт — аб’яднаньне намаганьняў у барацьбе супраць фальсыфікацыяў, назіраньне за галасаваньнем. Мабыць, нават агульнае кіраваньне гэтым назіраньнем. І трэці пункт. Раптам улада настолькі захоча памірыцца з Эўропай, што галасы пачнуць лічыць, і тады будзе другі тур. І там магло б быць поўнае аб’яднаньне з падтрымкай тых з апазыцыйных кандыдатаў, якія ў гэты другі тур трапяць”.

Пакуль афіцыйна прапановы Эўрапейскай кааліцыі ў Аб’яднаных дэмакратычных сілах не разглядаліся, але пра іх там ведаюць і скалі на гэты конт першыя меркаваньні.

“Там няма нічога па сутнасьці, – лічыць сябра Прэзыдыюму АДС Анатоль Лябедзька. – “Адзіны сьпіс”, нягледзячы на пэўныя хібы, праблемы пры яго фармаваньні, валодае дастаткова высокай ступеньню легітымнасьці. І сёньня для адзінага сьпісу АДС апанэнты — гэта людзі, прадстаўленыя ў сьпісе Аляксандра Лукашэнкі. Усё астатняе — за дужкамі. Ні эўрапейская, ні азіяцкая, ніякія іншыя геаграфічныя кааліцыі не зьяўляюцца для нас апанэнтамі. Тут няма па сутнасьці ніякай зьмястоўнай прапановы, гэта чыста піяр — знайсьці нейкую сваю нішу ў гэтай выбарчай кампаніі”.

Адносна далейшага лёсу прапановаў Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч заявіў:

“Калі гэтыя прапановы ня будуць прынятыя, мы паўторым іх яшчэ раз пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, калі зробіцца зразумелым, колькі кандыдатаў перасякаецца, колькі кандыдатаў зарэгістравана. І калі зноў гэтыя прапановы ня будуць прынятыя, то я буду зьвяртацца з прапановай, каб нашы кандыдаты ўзялі гэтыя абмежаваньні ў аднабаковым парадку. Не зважаючы на тое, што будуць рабіць кандыдаты з адзінага сьпісу”.

Пра стварэньне ў “Эўрапейскім сьпісе” блёку прадпрымальнікаў “За свае правы” заявіў лідэр прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў. У гэты блёк увайшлі каля 20 прадпрымальнікаў і праваабаронцаў (у Менску — 9), якія зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы.

“Блёк эўрапейскага сьпісу дае прадпрымальнікам магчымасьці, каб арганізацыйна і юрыдычна працаваць з усімі кандыдатамі, — расказвае Алесь Макаеў. — Эўрапейскія каштоўнасьці не чужыя беларускім прадпрымальнікам. Блёк мы ўтварылі таму, што сытуацыя зь бізнэсам з кожным годам пагаршаецца. Дэпутаты не выконваюць свае функцыі: закон аб малым бізнэсе не прыняты. Дэпутаты ігнаравалі звароты прадпрымальнікаў адносна канстытуцыйнасьці ўказу № 760. Гэтая непавага да грамадзянаў вылілася ў вулічныя акцыі пратэсту. Нам трэба заявіць беларускаму грамадзтву пра нашы праблемы”.