Адна з мэтаў стратэгіі Эўрапейкай кааліцыі на выбарах – ціск на ўладу. Пра гэта заявіў адзін зь яе лідэраў Мікола Статкевіч.
“Гэты ціск мы мяркуем ажыцьцяўляць праз пагрозу масавай акцыі, праз пагрозу байкоту. І функцыя ажыцьцяўляць ціск пагрозай байкоту ўскладзена на асобныя арганізацыі – найперш моладзевыя. Бо байкот 2000 года выявіў наступную тэндэнцыю: байкот партыі разбэшчвае, а моладзевыя арганізацыі ўмацоўвае. Па духу і мэнтальнасьці ён моладзі бліжэй.
І мы вырашылі: няхай кожны арэ сваю дзялянку. І “Малады фронт” няхай займаецца байкотам. Дарэчы, слова некарэктнае. Не байкот, а прапаганда няўдзелу. Бо байкот – гэта дзеяньні на зрыў выбараў. А выбары ў нашых умовах папярэдняга прымусовага галасаваньня сарваць немагчыма. А партыі няхай займаюцца скарыстаньнем гэтай палітычнай кампаніі, каб прыцягнуць новых людзей і палепшыць імідж апазыцыі”.
Нагадаем, “Малады фронт” часова прыпыніў удзел у працы Эўрапейскай кааліцыі.