Адмыслоўцы прадказваюць радыкальнае падвышэньне цэнаў навучаньня ў беларускіх ВНУ ў наступным годзе, калі адчуюцца выдаткі згорнутай адукацыйнай рэформы.
Рэч у тым, што выпускнікамі сярэдніх школаў стануць вучні, якія пачыналі навучаньне па 12-годцы, а таксама цяперашнія 11-клясьнікі. Конкурсы сярод абітурыентаў прагназуюцца надзвычай высокія, таму Міністэрству адукацыі і падначаленым ВНУ будзе цяжка стрымацца ад спакусы павялічыць колькасьць платных месцаў.
Як мяркуе былы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Анатоль Паўлаў, уладам трэба пільна кантраляваць сытуацыю з камэрцыялізацыяй сфэры вышэйшай адукацыі:
"Прыкладам, я параіў бы ўладам ўсе платныя месцы ў ВНУ трансфармаваць у бюджэтныя. І гэтае пытаньне часткова вырашылася б. А народ якраз і паглядзіць, наколькі ў нас сацыяльная дзяржава і сацыяльна арыентаваная ўлада? Гэта будзе адзін з крытэраў таго, што яны ўвесь час дэкляруюць. Вось калі будзе так вырашана, значыць, пра нешта яны думаюць. А калі проста хочуць павялічыць колькасьць платных месцаў, то грош цана такой рэформе. І трэба вырашаць вельмі хутка, бо ўжо другая палова ліпеня. Каб у Міністэрстве адукацыі зь пярэпалаху насьпех не наламалі дроваў – менавіта з дапаможнікамі, з навучальнымі плянамі, праграмамі. Ня так гэта ўсё проста робіцца, а часу не застаецца".