Актывіст Партыі БНФ Алесь Мех ў панядзелак зьбіраецца абскардзіць у судзе ягонае звальненьне з Кобрынскага упраўленьня магістральных газаправодаў ААТ "Белтрансгаз".
Нягледзячы на ціск уладаў, ініцыятыўная група Алеся Меха зарэгістраваная і зьбірае подпісы за ягонае вылучэньне. Паводле словаў спадара Меха, цяперашняя кампанія нашмат больш напружаная, чым папярэднія.Тым не меней Алесь Мех актыўна ўключыўся ў гэтую кампанію:
Калі б людзі не ылі гатовыя аддаць за нас свае галасы, то не было б гэтых гутарак у КДБ, не было б гэтых пагроз
Нават пасьля запалохваньняў КДБ і звальненьня з працы, на спадара Меха ажыцьцяўляюць ціск.
Алесь Мех распавёў Свабодзе, што адбывалася пасьля размовы з супрацоўнікам КДБ і звальненьня з працы:
«Мяне выклікалі да памочніка дэпутата па нашай акрузе Юры Філіновіча. Памочнік дэпутата Кучынскага сказаў, што ён ведае пра мае непрыемнасьці і гатовы дапамагчы. Я ўжо быў настроіўся на такі лагодны лад. А ён потым сказаў: калі ты не здымеш сваю кандыдатуру, мы звольнім тваю жонку. Пасьля гэтага я адмовіўся ад працягу размовы.
Пазьней мне патэлефанавалі на мабільны тэлефон з абразамі і пагрозамі. Я падаў скаргу на імя пракурора, каб знайшлі, хто мне пагражаў. Учора я атрымаў адказ, што яны знайшлі, хто мне тэлефанаваў, а гэта той самы Філіновіч, які званіў з прыёмнай дэпутата Кучынскага. Але яны ня здолелі ўстанавіць, што ён мне пагражаў. У мінулую нядзелю мне і сябрам маёй ініцыятыўнай групы патэлефанавалі зь міліцыі і прапанавалі нам зьявіцца ў РАУС у крымінальны вышук.
Гэта было зьвязана з выбухам 4 ліпеня ў Менску. Яны ўзялі ў нас адбіткі пальцаў і аналіз сліны».
Жонка Алеся Меха – школьная выкладчыца ў Кобрыне.