Сёньня ўначы на тэрыторыю амбасады Літвы ў Менску кінулі бутэлькі з фарбай і лістоўкі, падпісаныя прадстаўнікамі нацыянал-бальшавіцкай партыі.
Як паведаміла прадстаўніца амбасады Крысьціна Паканітэ, па гэтых фактах вандалізму цяпер вядзецца сьледзтва.
Міністэрства замежных справаў Літвы зрабіла заяву. У ёй гаворыцца, што ўначы 25 ліпеня ў Менску быў учынены акт вандалізму супраць амбасады Літвы ў Беларусі. Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас выказаў пратэст і запатрабаваў ад міністэрства замежных справаў Беларусі высьветліць сытуацыю і знайсьці вінаватых. Амбасадар таксама запатрабаваў ад беларускага боку прыняць меры, каб у будучым было гарантавана выкананьне нормаў, якія прадугледжаныя Вэнскай канвэнцыяй 1962 года і не парушаўся імунітэт амбасады Літвы.
Паводле К.Паканітэ, у выніку інцыдэнту рэжым працы консульскага аддзелу амбасады парушаецца. Сёньня, нягледзячы на акт вандалізму, аказваецца консульская дапамога для літоўскіх грамадзянаў.
Грамадзяне Беларусі, якія запісаліся на 25 ліпеня, будуць абслугоўвацца 1 жніўня.
У студзені 2007-га невядомыя кінулі ў фасад будынку бутэлькі з чорнай фарбай і раскідалі на тэрыторыі, прылеглай да будынку амбасады Латвіі ўлёткі з нацыянал-бальшавісцкай сымболікай. Аналягічны інцыдэнт меў месца ў 2005 годзе. Сёлета ў лютым былі пашкоджаныя амбасады Чэхіі і Вялікай Брытаніі. Аднак пасьля затрыманьня хулігана беларускія міліцыянты яго адпусьцілі