Плянаваць мэдалі ня будуць

Спартовае кіраўніцтва Беларусі ўпершыню за апошнія гады адмовілася ад мэдалёвага плянаваньня.

Аднак пры гэтым міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў заявіў, што пры цяперашнім патэнцыяле беларускіх атлетаў можна разьлічваць на вынік ня горшы, чым быў прадэманстраваны ў 2000 годзе ў Сыднэі. Там беларусы атрымалі 17 мэдалёў – па 3 золаты і срэбры і 11 бронзавых узнагародаў.

Аднак такі аптымізм падзяляюць ня ўсе. Віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту, трохразовы алімпійскі чэмпіён у вольнай барацьбе Аляксандар Мядзьведзь кажа, што ў дадзеным выпадку трэба ўлічваць кітайскі фактар. Надзвычай высокая гатовасьць гаспадароў сёлетняй Алімпіяды вымушае карэктаваць заплянаваныя ўзнагароды нават у штабах прызнаных фаварытаў галоўных стартаў чатырохгодзьдзя:

“Я так катэгарычна не казаў бы, бо там будзе крыху цяжэй. Але, як кажуць, Алімпіяда – гэта Алімпіяда, яна непрадказальная. Заўсёды спартоўцаў суправаджаюць складанасьці, і асабліва на Алімпіядзе. Тут больш важная псыхалягічная падрыхтоўка, хто як здолее сабрацца і аддаць сілы дзеля магутнага выкіду энэргіі.

Але мне падаецца, што ў кожнага нашага алімпійца ёсьць вельмі добры патэнцыял. Я лічу, што ёсьць дзеля ўдалага выступу ўсе магчымасьці. Патрачаныя на падрыхтоўку вялікія грошы, укладзены значныя сродкі ў кожную зборную. Выкананы ўвесь плян падрыхтоўкі, які быў даведзены атлетам. Спартоўцы насамрэч яго выканалі, калі меркаваць па выніках выступаў на пэршынствах Эўропы, сьвету. Таму ўсе падставы ёсьць, каб пасьпяхова выступіць на Алімпіядзе. І галоўнае пры гэтым, каб здолелі нашы спартоўцы скарыць вось гэты псыхалягічны бар’ер. Калі перамогуць свае ўнутраныя комплексы, значыць, усё будзе як трэба”.

Шанцы беларускіх спартоўцаў

“Гэта самая вялікая колькасьць допускаў за апошні час”, - заявіў з інтэрвію Інтэрфаксу міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў. “Нашай першапачатковай задачай было атрыманьне як мага большай колькасьці допускаў”.


Паводле дадзеных Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь, за ўсю гісторыю сучасных гульняў 147 чэмпіёнаў і прызэраў Алімпійскіх гульняў заваявалі 181 мэдаль. У тым ліку:

61 алімпійскі чэмпіён – 71 залаты мэдаль;
53 срэбраных прызэра – 49 мэдалёў;
68 бронзавы прызэраў – 62 мэдалі.

Чэмпіёнамі і прызэрамі летніх і зімовых гульняў у часе незалежнай Беларусі сталі 56 спартоўцаў. Яны здабылі 53 алімпійскія мэдалі: 6 залатых, 18 срэбраных і 29 бронзавых.

Незалежная Беларусь на Алімпійскіх гульнях

Упершыню Беларусь адправіла сваю алімпійскую зборную на XVII зімовыя Алімпійскія гульні ў 1994 годзе, якія праходзілі ў Лілехамэры (Нарвэгія). Тады 33 беларускіх спартоўцы спаборнічалі ў 7 дысцыплінах. На тых гульнях канькабежац Ігар Жалезоўскі здабыў першы алімпійскі мэдаль. Ён таксама атрымаў і срэбраны мэдаль.

У 1996 годзе ў Атланце (ЗША) на XXVI гульнях паводле колькасьці залатых узнагародаў беларуская каманда заняла 37-е месца, а паводле агульнай колькасьці мэдалёў - 23-е. Усяго на тых гульнях спаборнічалі каманды з 176 краінаў.

З Алімпійскіх гульнях у Нагана (Японія) у 1998-м годзе зборная Беларусі прывезла 2 бронзавыя ўзнагароды.

2000 год. На Алімпіядзе ў Сыднэі (Аўстралія) зборная Беларусі заняла 23-е месца ў неафіцыйным камандным заліку і 15-е месца, паводле колькасьці мэдалёў з 184 краінаў-удзельніцаў.

У 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці (ЗША) беларускія алімпійцы заваявалі бронзавую ўзнагароду ў фрыстайле.

На Алімпійскіх гульнях у Афінах у 2004 годзе нацыянальная зборная заваявала 15 мэдалёў (2 залатыя, 6 срэбраных і 7 бронзавых). У неафіцыйным камандным заліку Беларусь заняла 26-е месца, а паводле агульнай колькасьці мэдалёў – 18-е. Усяго ў тых гульнях удзельнічалі спартоўцы з 201 краіны сьвету.

У 2006 годзе на XX зімовых Алімпійскіх гульнях у Турыне Беларусь прадстаўляла 28 спартоўцаў. Фрыстайліст Зьміцер Дашчынскі здабыў срэбраны мэдаль.


Беларускіх спартоўцаў злавілі на допінгу


“У некалькіх беларускіх спартоўцаў, якія выступалі на міжнародных спаборніцтвах у Эўропе, пробы “А” далі станоўчы вынік”, – паведаміў кіраўнік Нацыянальнага антыдопінгава агенцтва Беларусі Мікалай Кручынскі.

Чыноўнік адмовіўся назваць Інтэрфаксу прозьвішчы і віды спорту, а таксама ці ўваходзяць гэтыя спартоўцы ў алімпійскую зборную Беларусі. Ён патлумачыў, што ня мае права разгалошваць гэтую інфармацыю.

Усе беларускія спартоўцы, якія накіроўваюцца ў Пэкін, павінныя будуць падпісаць адмову ад выкарыстаньня допінгу, заявіў 20 ліпеня спадар Грыгараў на сумесным паседжаньні калегіі Мінспорту і выканкаму НАК у Менску.

Міністар патлумачыў: гэта робіцца для таго, каб “выкараніць практыку ўжываньня біялягічна-актыўных дадаткаў, якія не прайшлі тэставаньне ў Беларусі”. Беларускія спартоўцы таксама абавязкова пройдуць допінг-тэсты. “Ніводны алімпіец ня сядзе ў самалёт, не маючы на руках адмоўных пробаў на допінг”, - запэўніў чыноўнік.

Раней міністар спорту і турызму Аляксандар Грыгараў прызнаўся журналістам, што за ўсю гісторыю 49 беларускіх спартоўцаў патрапіліся на ўжываньні допінгу, 21 – за апошнія тры гады. “Гэта самы нізкі паказьнік з усіх краінаў СНД”, - зазначыў міністар. Але “Праблема допінгу зьяўляецца самай актуальнай для спорту”.