Лукашэнка і Чавэс будуць разам змагацца з імпэрыялізмам

Сёньня з аднадзённым візытам у Беларусі пабываў прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. Ён прыбыў у Менск з Масквы. Гэта трэці візыт вэнэсуэльскага лідэра ў Беларусь і пятая ягоная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам ад ліпеня 2006 году.
Па выніках перамоваў паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уга Чавэсам падпісаны мэмарандум пра ўзаемапаразуменьне паміж вытворчым аб'яднаньнем “Беларусьнафта” і вэнэсуэльскай нафтавай кампаніяй “Petroleos de Venezuela SA”. У ім гаворыцца пра далучэньне дадатковых плошчаў да сумеснага беларуска-вэнэсуэльскага прадпрыемства па здабычы нафты. Першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка заявіў, што згодна з гэтым дакумэнтам дададуцца тры новыя радовішчы, якія дазволяць падвоіць магутнасьць і здабываць два мільёны тон нафты.

Камэнтуючы эканамічныя дамоўленасьці, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук заявіў:

Чыноўнікі, намэнклятура вышэйшага роўню дамаўляюцца пра тое, як рабіць бізнэс, ігнаруючы, па сутнасьці, пытаньні бюджэту, сацыяльныя пытаньні, пытаньні канкурэнцыі.
“Чыноўнікі, намэнклятура вышэйшага роўню дамаўляюцца пра тое, як рабіць бізнэс, ігнаруючы, па сутнасьці, пытаньні бюджэту, сацыяльныя пытаньні, пытаньні канкурэнцыі. Гэта тое, што і робіцца ў рэчышчы такіх аўтарытарных дзяржаў як Расея, Вэнэсуэла і Беларусь. І таму на думку асобаў, якія кіруюць нашым нафтакомплексам, гэта добра. Але з пункту гледжаньня простага насельніцтва гэта не прывядзе да таго, каб цэны на паліва ў Беларусі зьнізіліся на 30%. Тое, што яны робяць, гэта іх добрыя гешэфты ў межах гэтай далёкай антыамэрыканскай сацыялістычнай дугі”.

Прымаючы Уга Чавэса, Аляксандар Лукашэнка заявіў:

7
“Уга, яшчэ раз хачу табе сказаць, што, вядома ж, мы прагматыкі, і мы свае дзеяньні эканамічна, фінансава пралічваем. Але ты павінен ведаць, што апроч усёй гэтай эканомікі ў цябе ў Беларусі самыя надзейныя сябры. Калі трэба, мы па-сяброўску, па-брацку можам вырашыць любое пытаньне, якое здольныя, для Вэнэсуэлы, для цябе”.

А.Лукашэнка і У.Чавэс паміж сабою на “ты”. Адзін аднаго яны называюць сябрамі і братамі. Уга Чавэс сказаў, што яму ў Менску “спакойна і ціхамірна”.

“На шчасьце, гегеманісцкія прэтэнзіі імпэрыялістаў праваліліся, амэрыканскі імпэрыялізм працягвае сваё падзеньне. І наадварот, падымаецца сьвет, які прэзыдэнт Мядзьведзеў называе поліцэнтрычным”, — заявіў Уга Чавэс.

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што разьвіцьцё шматплянавых стасункаў з Вэнэсуэлай — адзін з прыярытэтных напрамкаў зьнешняй палітыкі Беларусі. Ён заявіў пра разьвіцьцё стратэгічнага альянсу паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай. Уручаючы Чавэсу ордэн Дружбы народаў, Лукашэнка заявіў, што ніводзін дзяржаўны дзеяч ці прэзыдэнт не зрабіў для Беларусі столькі, колькі Уга Чавэс. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы заклікаў Лукашэнку разам пазмагацца супраць “аднаго ворага — імпэрыялізму”. Паводле Чавэса, “гэта імпэрыялізм ЗША і тых краінаў, якія зьяўляюцца іх лёкаямі”.

Камэнтуючы гэтыя заявы, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў:

“Сёньня Чавэс фінансуе з нафтавых звышпрыбыткаў шмат дыктатураў. І адна зь іх — гэта кубінскі рэжым. І ў першую чаргу гэтым абумоўлены інтарэс Аляксандра Лукашэнкі да такіх пастаянных, інстытуцыянальных і афарбаваных нават асабіста кантактаў з Чавэсам. Чавэс не адразу ж у Менск прыляцеў, ён жа і ў Маскве пабываў. І мы бачым, якім чынам намячаецца на эўрапейскім кантынэнце зьвязка паводле непрыняцьця эўрапейскіх каштоўнасьцяў — свабоды, дэмакратыі і празрыстасьці”.

Уга Чавэс прывёз прывітаньне ад Фідэля Кастра Дзьмітрыю Мядзьведзеву, а ад Дзьмітрыя Мядзьведзева — Аляксандру Лукашэнку. Ён ня стаў камэнтаваць інфармацыю мэдыяў пра заключэньне кантракту з Расеяй у вайсковай сфэры на 30 мільярдаў даляраў. Гэтыя лічбы ён толькі назваў вар’яцкімі і сказаў, што “не зьбіраецца займацца ўсялякімі вычварэньнямі, якія распаўсюджваюць розныя агенцтвы”.

У перамовах браў удзел сустаршыня беларуска-вэнэсуэльскай камісіі высокага ўзроўню Віктар Шэйман, нядаўна адпраўлены ў адстаўку з пасады старшыні Савету бясьпекі. У зьвязку з гэтым эканаміст Яраслаў Раманчук не выключае, што падчас перамоваў паміж А.Лукашэнкам і У.Чавэсам абмяркоўваліся пытаньні гандлю зброяй.