У Вільні праходзіць канфэрэнцыя “Грамадзянская супольнасьць і СМІ ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў”. Канфэрэнцыю арганізавала група Сэйму Літвы “За дэмакратычную Беларусь” пры падтрымцы Рады Эўропы.
Большасьць беларускіх удзельнікаў канфэрэнцыі казалі пра складанасьць сытуацыі ў беларускім грамадзтве перад выбарамі, канстатавалі ўціск няўрадавых арганізацыяў, што хочуць весьці маніторынг выбарчай кампаніі, пра затрыманьні актывістаў апазыцыі у сувязі з выбухам 4 ліпеня, закрытасьць фармаваньня выбарчых камісіяў. Прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу выказвалі стрыманыя спадзяваньні наконт таго, што ўлады правядуць выбары больш дэмакратычна, чым 4 гады таму.
Прадстаўнік Швэцыі, нядаўна прызначаны амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Стэфан Эрыксан у прыватнасьці заявіў, што будучыя парлямэнцкія выбары застануцца пад пільнай увагай эўрапейскіх структур, якія спадзяюцца, што гэтыя выбары стануць крокам Беларусі ў бок дэмакратыі і правоў чалавека і дазволяць ёй заняць сваё месца ў Радзе Эўропы. Спадар Эрыксан заявіў, што Швэцыя як цяперашні старшыня Рады Эўропы заклікае беларускія ўлады правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, вітае запрашэньне міжнародных назіральнікаў і зьвяртаецца да беларускай апазыцыі з прапановай удзельнічаць у выбарчай кампаніі, бо байкот будзе толькі на руку існуючаму рэжыму.
У мяне пэсымістычная пазыцыя адносна будучых выбараў, але для таго, каб выйграць, трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці
“У мяне пэсымістычная пазыцыя адносна будучых выбараў, але для таго, каб выйграць, трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці. Няхай аднаго абяруць – ужо добра, на наступны раз, можа, трох выберуць. Але прыйдзе час калі абяруць болей за палавіну”.
Сябры групы “За дэмакратычную Беларусь” літоўскага Сэйму зьбіраюцца прыехаць на беларускія парлямэнцкія выбары 28 верасьня, паведаміў Стасіс Пячалюнас. Ён выказаў спадзеў, што беларускія ўлады дазволяць, каб на выбары прыехалі не дзясяткі, а сотні ці тысячы міжнародных назіральнікаў.
Тым часам прадстаўніца АБСЭ сказала, што першыя 12 так званых доўгатэрміновых назіральнікаў ад арганізацыі прыедуць ужо на пачатку жніўня. А дэпутатка фінскага парлямэнту Сініка Хурскайнэн, якая зьяўляецца сябрам падгрупы па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, паведаміла, што зьбіраецца яшчэ да выбараў прыехаць у Беларусь разам з дакладчыкам ПАРЭ па Беларусі Андрэа Рыгоні. У часе гэтага візыту мяркуецца правесьці перадвыбарчы сэмінар і адкрыць інфармацыйныя пункты Рады Эўропы ў некалькіх гарадах Беларусі.