На сёньняшні дзень у эўрапейскім сьпісе 71 прэтэндэнт на кандыдата ў дэпутаты. Пра гэта паведаміў лідэр Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч.
“Ня ўсе хочуць агучваць свае намеры, бо баяцца ціску з боку ўладаў. Таксама ў сьпісе ёсьць сябры партыяў, якія выступілі заснавальнікамі “адзінага сьпісу” АДС. Каля сямі асобаў уваходзяць як у эўрапейскі, так і ў адзіны сьпіс. І ім пагражаюць выключэньнем з адзінага сьпісу”, — патлумачыў М.Статкевіч.
Прадстаўнікі эўрапейскага сьпісу, а сярод іх сябры Народнай грамады, актывісты прадпрымальніцкага руху, незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама іншых структураў, зьбіраюцца балятавацца ў дзьвюх трацінах акругаў.
“Я буду балятавацца па Коласаўскай акрузе ў Менску, бо там ідзе спадар Сяргей Калякін, які ня будзе прапагандаваць лёзунг эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. І таму я зьбіраюся прыкрыць гэты прарыў па Менску сабой”, — заявіў М.Статкевіч.
М.Статкевіч нагадаў умовы, пры якіх кандыдаты з эўрапейскага сьпісу могуць разглядаць магчымасьць зьняцьця сваіх кандыдатур.
Я буду балятавацца па Коласаўскай акрузе ў Менску, бо там ідзе спадар Сяргей Калякін, які ня будзе прапагандаваць лёзунг эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. І таму я зьбіраюся прыкрыць гэты прарыў па Менску сабой
Даючы ацэнку цяперашняму ходу выбарчай кампаніі, Мікола Статкевіч адзначыў, што “ідуць нейкія нясьмелыя сыгналы зьверху, калі рэгіструюць ініцыятыўныя групы кандыдатаў, апазыцыянэраў па адным уключаюць у выбаркамы”. Да прыкладу, зарэгістравана ініцыятыўная група Ільлі Дабрадзела з Калодзішчаў, хоць перад гэтым яму спалілі машыну.
“Але на месцах створаная машына фальшаваньняў, якая ходу назад ня ведае. І яны па інэрцыі робяць тое, што й рабілі”. — заявіў М.Статкевіч.