Дваццаць прэтэндэнтаў на кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад апазыцыйных арганізацыяў Магілёўшчыны падалі ў акруговыя выбарчыя камісіі дакумэнты на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных групаў. У выбарчым абласным штабе кааліцыі дэмакратычных сіл заяўляюць, што да 24 ліпеня ў акруговыя выбарчыя камісіі дакумэнты пададуць яшчэ пяць апазыцыйных прэтэндэнтаў. Тым часам становяцца вядомыя меркаваныя канкурэнты апазыцыянэраў. Некаторыя зь іх — высокія рэгіянальныя чыноўнікі.
Канкурэнтам бабруйскага палітыка Алеся Чыгіра па Бабруйскай сельскай выбарчай акрузе № 80 будзе намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Глаз. Абодва, у выпадку рэгістрацыі ініцыятыўных груп, будуць зьбіраць подпісы грамадзян у сваю падтрымку.
Тое, што за намесьніка старшыні аблвыканкаму будуць зьбіраць подпісы, бабруйскага прэтэндэнта зьдзіўляе. У 2004 годзе канкурэнтам Алеся Чыгіра быў намесьнік прэзыдэнта па Магілёўскай вобласьці Юры Кулакоўскі. Ён тады вылучаўся ад працоўных калектываў. Хто будзе зьбіраць подпісы за Анатоля Глаза, пытаецца Алесь Чыгір:
“Гэта будуць тыя людзі, хто будзе проста баяцца страціць сваю пасаду. Спадар Глаз жа яшчэ пры ўладзе. Аднак цікава, як гэтыя людзі будуць зьбіраць подпісы, што яны будуць казаць выбарцам? Для беларускага чынавенства Палата прадстаўнікоў зьяўляецца такім перадпэнсійным тамбурам. Пра нейкі кар’ерны рост спадар Глаз ужо ня думае. Гэта для яго, хутчэй за ўсё, пошук працы перад пэнсіяй”.
Алесь Чыгір упэўнены, што па сканчэньні выбараў адбудзецца значнае амаладжэньне кіраўніцтва ва ўладных структурах вобласьці.
Меркаваным канкурэнтам старшыні рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгора Кастусёва па шклоўскай выбарчай акрузе № 90 будзе старшыня Шклоўскага райвыканкаму Валеры Іваноў. У акружной камісіі паведамілі, што спадар Іваноў як і Рыгор Кастусёў, падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.
Рыгор Кастусёў балятаваньне старшыні райвыканкаму называе беспрэцэдэнтным.
Аднак як для чалавека гэта будзе спакойнае цёплае месца, дзе ён дапрацуе й спакойна пойдзе на пэнсію
І Анатоль Глаз і Валеры Іваноў — чыноўнікі перадпэнсійнага веку. Іх кар’ера пачыналася яшчэ за савецкімі часамі.
Акруговыя камісіі будуць рэгістраваць ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў да 24 ліпеня. Сёньня ў камісіях адбудзецца першы разгляд пададзеных дакумэнтаў. У абласным выбарчым штабе кааліцыі дэмакратычных сіл заяўляюць, што да 24 ліпеня ў акруговыя выбарчыя камісіі дакумэнты пададуць яшчэ пяць апазыцыйных прэтэндэнтаў.