Прайшла акцыя ў абарону Лошыцкага парку

Нягледзячы на тое, што ў Менску ішоў моцны дождж, 21 ліпеня ў Лошыцкімім парку сабралася каля 100 чалавек. Пераважна гэта моладзь з розных моладзевых арганізацый, а таксама актывісты шэрагу грамадзкіх аб'яднаньняў. Людзі з плякатамі "Я люблю Лошыцкі парк" прайшлі да сядзібы графаў Прушынскіх.


У Лошыцкім парку ў Менску вядуцца будаўнічыя і земляныя работы, якія зьмяняюць выгляд гістарычнай сядзібы і парку. Грамадзкасьць непакоіцца, ці захаваюцца парк і сядзіба як гістарычныя помнікі.

Удзельнікі акцыі пратэсту прынялі рэзалюцыю. Яны патрабуюць, каб плян рэканструкцыі быў надрукаваны ў сродках масавай інфармацыі, каб былі выслуханыя меркаваньні людзей, якія займаюцца пытаньнямі захаваньня гістарычнай спадчыны, а да таго часу ўсё работы былі спыненыя.


Перад прысутнымі таксама выступілі беларускія барды. Удзельнікі пратэсту дамовіліся зноўку сабрацца ў Лошыцкім парку ў суботу.

За акцыяй назіралі супрацоўнікі міліцыі. Намесьнік кіраўніка Ленінскага РУУС падышоў да моладзевага актывіста Франака Вячоркі і паведаміў, што за гэтую акцыю яму пагражае 15 сутак арышту.




У часы сталінскіх рэпрэсій у Лошыцы былі расстраляныя, паводле адкрывальніка Курапатаў Зянона Пазьняка, ад 7 да 10 тысячаў бязьвінных ахвяраў. Дзеля ўшанаваньня іх памяці ля парку ўсталяваны крыж, ля якога штогод на Дзяды сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ ладзяць жалобны мітынг.