Лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі Свабоды Сяргей Высоцкі — адзін з тых, каго дапытвалі па справе аб выбуху 4 ліпеня.
Яго затрымалі 10 ліпеня пасьля ператрусу ў кватэры. Адпусьцілі 12 ліпеня. Дапытвалі Сяргея Высоцкага адзін раз — цягам 8 гадзін. Ахоўнікі ў “амэрыканцы” міжсобку называлі яго тэрарыстам, кажа спадар Высоцкі.
“Пасьля вызваленьня прабачэньня ніхто не прасіў. Хаця ў іх быў момант няёмкасьці. Гэта адчувалася ў паводзінах людзей, якія мяне туды прывезьлі. Часам яны ўжо гатовыя былі адчапіцца, але званок — забраць. Яшчэ званок — пасадзіць. Адкуль званкі — можна толькі здагадвацца”.
Паводле Сяргея Высоцкага, тое, што адбываецца пасьля выбуху 4 ліпеня, — клясычная палітычная замова і правакацыя ўладаў.
“Гэта настолькі брудная справа, што любому палітыку, які ў гэтым замешаны, хоць ён ня мае ніякага дачыненьня, гэта дыскрэдытацыя імя, удар па псыхіцы і годнасьці”.
Сяргей Высоцкі кажа, што ў цяперашніх беларускіх умовах няма магчымасьці адказаць на тую неаб’ектыўнасьць і нават бруд, які быў у СМІ, што пісалі пра гэтыя затрыманьні.
Са свайго боку, КДБ узяў у Высоцкага падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва:
“Гэтым мне хочуць заткнуць рот. Якая там таямніца? Усё навідавоку. Гэтыя мэтады добра знаёмыя. Але я не зьбіраюся на гэтую тэму маўчаць. Мяне абылгалі, мяне ўтапталі ў бруд так, што ад мяне шарахаюцца суседзі, і не даюць магчымасьці апраўдацца”.
Спадар Высоцкі зьбіраецца абскарджваць сваё затрыманьне і дамагацца, каб зь яго зьнялі падпіску аб нявыезьдзе.