Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 12 ліпеня
ЛІТПРАЦЭС
МІХАЛ АНЕМПАДЫСТАЎ: “П’ЕСЕ “НАРОДНЫ АЛЬБОМ” ПАШАНЦАВАЛА”
“Народны альбом” – дыск з такім назовам добра ведаюць прыхільнікі беларускае рок-музыкі. Але ня многія зь іх здагадваюцца пра існаваньне аднайменнае п’есы, якая нядаўна выйшла асобнаю кніжкай. Пра некаторыя таямніцы напісаньня і творчага лёсу п’есы Валянціне Аксак распавёў адзін зь яе аўтараў Міхал Анемпадыстаў.
Валянціна Аксак: “Спадар Міхал, прэзэнтацыя музычнага дыску “Народны альбом” адбылася ў сьнежні 1997 году. У кулюарах тады казалі, што гэты праект вельмі спадабаўся рэжысэру Мікалаю Пінігіну, і ён замовіў вам напісаць да песенных тэкстаў драматургічныя сцэны, якія б сюжэтна зьвязалі іх. Праз год замоўлены прадукт быў створаны, аднак на тэатральнай сцэне Пінігіным ён так і ня быў увасоблены. Чаму?”
Міхал Анемпадыстаў: “Тэатар – гэта ж міні-вытворчасьць, падобная па сваёй структуры да іншых суб’ектаў гаспадарчай дзейнасьці: пішацца спачатку заяўка, ствараецца нейкі тэматычны плян, ён зацьвярджаецца, тады зь бюджэту выдзяляецца пэўная сума на рэалізацыю гэтых плянаў. І мы распачалі гэты працэс. На замову, і гэта праўда, мы напісалі гэтую п’есу, ці лепш назваць яе ня п’есай, а сцэнаром, бо яна такая даволі гнуткая і дазваляе пэўныя трансфармацыі. Пісалася, што таксама праўда, пад канкрэтнага чалавека, Мікалая Пінігіна, пад ягоную стылістыку, пад ягоную манеру. Была зробленая заяўка, яна была пастаўленая ў тэматычны плян тэатру імя Янкі Купалы і была зацьверджаная Міністэрствам культуры. А пазьней на спэктакль не знайшлося фінансаваньня. Так што ўсё атрымалася вельмі празаічна”.
Аксак: “З часу стварэньня п’есы “Народны альбом” мінула дзесяць гадоў. Чаму толькі цяпер вы вырашылі яе выдаць у выглядзе асобнае кніжкі?”
Анемпадыстаў: “Мы ўвесь гэты час хацелі надрукаваць п’есу асобнаю кніжкай, і яна нават выдавалася разам з тэкстамі песьняў на Беласточчыне ў перакладзе на польскую мову, які зрабілі Аліна і Мікола Ваўранюкі. А ў Беларусі тэхнічна было складана зрабіць гэта, таму атрымалася толькі цяпер”.
Аксак: “А як жыла ваша п’еса ўвесь гэты час да зьяўленьня ў друку асобным выданьнем?”
Анемпадыстаў: “Шчыра кажучы, думаю, што п’есе пашанцавала. Тое, што яна не была пастаўленая на сцэне тэатру імя Янкі Купалы, то гэта, канечне, прыкра, але яна была пастаўлена вучнёўскім тэатрам ліцэю імя Якуба Коласа пад кіраўніцтвам ягонага дырэктара Ўладзімера Коласа. І нават не адзін раз яна там ставілася. Мяняліся вучні, мяняўся склад актораў гэтага вучнёўскага тэатру і – кожнага разу ставіўся “Народны альбом”. Ён – фірмовая візытоўка ліцэю. Я адчуваю гонар за тое, што наша п’еса была пастаўлена менавіта на ліцэйскай сцэне, і нават дзеля гэтага варта было нам зь Лявонам Вольскім зрабіць такую п’есу, каб было што ставіць тэатру Ўладзімера Коласа”.
Аксак: “Ваш суаўтар Лявон Вольскі ў згаданым ужо эпілёгу да кнігі піша: “Безумоўна, “Народны альбом” чакаюць наперадзе вялікія справы і зорныя часы. Стоадсоткава будуць створаныя відэа- і кінавэрсія гэтага праекту, дыджэі будуць перарабляць песьні, створацца комікс паводле п’есы і мультфільм...” Што з гэтых прагнозаў у бліжэйшы час стане творчай рэчаіснасьцю?”
Анемпадыстаў: “Я думаю, што наш удзел як аўтараў, на гэтым этапе павінен быць скончаны, і спадзяюся, што знойдуцца людзі, якія сапраўды зробяць мультфільмы, намалююць коміксы, а мы будзем гэтаму толькі радавацца. Натуральна, што хацелася б, каб гэта было на нейкім больш-менш мастацкім узроўні, і тут мы ўжо будзем кантраляваць”.
Аксак: “А ці спрабаваў хто, апрача Ўладзімера Коласа, за гэтыя дзесяць гадоў хоць у якім жанры ўрэчаісьніць вашу п’есу?”
Анемпадыстаў: “Была размова з адным польскім тэатрам, але яна так і засталася толькі размовай. Адразу пасьля зьяўленьня музычнага праекту, яшчэ не было п’есы, адзін рэжысэр зь Менску проста ўзяў частку нашых песьняў, нешта дадаў сваё, нешта прыдумаў і патэлефанаваў мне, каб павіншаваць са сваёй прэм’ерай. Як бы проста паставіў нас перад фактам, што вось зрабіў такі нам падарунак. Я, шчыра кажучы, ня ведаю, што ён там зрабіў. Яшчэ ведаю такі прыклад. У адной вёсцы мясцовы хор уключыў у свой рэпэртуар пару песьняў з “Народнага альбому” і сьпявае іх увесь гэты час як народныя. І нават яны занялі першае месца на раённым аглядзе самадзейнасьці. З усяго, што рабілася вакол “Народнага альбому”, гэты эпізод самы кранальны, ён мне найбольш прыемны”.
Аксак: “Скажыце, калі ласка, ці ствараецца нешта падобнае ў працяг, ці, можа, пішацца новая п’са, але паводле вядомага музычнага праекту?”
Анемпадыстаў: “Народнага альбому-2” ня будзе і ня можа быць. Хацелася б, каб гэты праект разьвіваўся не інтэнсіўна – новымі адцінкамі, а экстэнсіўна – паглыбляючыся ў беларускае асяродзьдзе, як бы пускаючы свае карані. А ці будуць увогуле ў нас новыя супольныя праекты – цяжка сказаць. Вельмі хацелася б. Сказаць, што над такім праектам мы зараз працуем, было б не зусім карэктна. Бо гэта ня праца – час ад часу сустракацца і абмяркоўваць нешта, але ў нас ёсьць ідэі новых праектаў. І калі ўсё будзе добра, то нешта яшчэ атрымаецца, нешта такое зусім іншае. Чакаць засталося зусім трошкі”.
АЎТАР І ТВОР
МІКОЛА АРОЧКА: “МАЁ АПІРЫШЧА – БЕЛАРУСКАЯ МОВА І СЬВЕТ РОДНЫХ ЛЮДЗЕЙ”
Сумная навіна прыйшла зь вёскі Вялікая Кракотка, што на Слонімшчыне: 1 ліпеня там ліквідаваная бібліятэка імя Янкі Купалы, заснаваная яшчэ ў 1927 годзе. Цягам васьмідзесяці гадоў яна была агменем культуры ў гэтым рэгіёне, у яе фондах зьберагаліся сотні рэдкіх выданьняў, многія пісьменьнікі дасылалі ў бібліятэку свае кнігі з аўтографамі. Шматгадовым чытачом Вялікакракоцкай бібліятэкі быў паэт і дасьледчык літаратуры, доктар філялёгіі Мікола Арочка. У яго роднай вёсцы Вецявічы, што па суседзтве з Вялікай Кракоткай, зь ім сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадар Мікола, як жа так сталася, што Вялікакракоцкая бібліятэка сталася непатрэбнай раённым уладам? Наколькі я ведаю, яе фонд – проста ўнікальны. Прыкладам, летась у ім знайшоўся невядомы аўтограф Якуба Коласа. Чаму ж бібліятэку закрылі?”
Мікола Арочка: “Вельмі шкада, што так сталася. Я ж з калыскі гадаванец гэтай бібліятэкі. Яна была заснаваная яшчэ пры Польшчы, і папаўненьне кніжнага фонду ішло зь Вільні, кнігі Валянцін Таўлай прывозіў. Тады ў Вялікай Кракотцы, ды і па ўсёй Заходняй Беларусі, буяла культурнае жыцьцё, у гэтак званых народных дамах, а часам і ў звычайных гумнах ставіліся беларускія спэктаклі. І з таго часу перахоўвалася пячатка бібліятэкі, яна была як рэліквія. Адзін раз Кракоцкую бібліятэку ўжо зачынялі. Але аднавілі ў 1954 годзе. Памятаю, тады на адкрыцьцё адноўленай бібліятэкі прыяжджала Ўладзіслава Францаўна Луцэвіч – удава Янкі Купалы, разам зь Міколам Аўрамчыкам. Я быў вучнем выпускной клясы Кракоцкай школы. І вельмі часта заначоўваў проста ў бібліятэцы, бо далекавата дадому было вяртацца. Клаўся на драўлянай лаве галавою да перагародкі, за якою стаялі кніжныя паліцы. І мне ніколі не было мулка. Бо я адчуваў прысутнасьць вялікіх постацяў нашай літаратуры – Купалы, Коласа, Багдановіча, Бядулі, Гарэцкага”.
Скобла: “На вашым стале я бачу стосік нумароў “Газэты Слонімскай”. Ці сачылі вы за нядаўнімі падзеямі вакол газэты, калі рэдакцыю ўлады літаральна выставілі на вуліцу?”
Арочка: “А як жа! Мы ўсе тут сачылі. Дзеля чаго было распачынаць гэтую ганебную кампанію? Каб прыглушыць газэту. І мы тут усе вельмі перажывалі – і я, і ўсе нашы вяскоўцы. Бо гэта ж – сапраўды народная газэта! На ўсю Гарадзеншчыну другой такой проста няма. Бо “Газэта Слонімская” дае беларускі голас! І гэта для мяне самае важнае. І прафэсар Алег Лойка там друкуецца, і манах Зьніч з Жыровіцкага манастыра – выдатны, дарэчы, паэт. Выгнаўшы газэту на вуліцу, перасьледуючы яе журналістаў, улады робяць вялікае глупства”.
Скобла: “Прыехаўшы ў Вецявічы, мы пабачылі проста букалічную карціну: паэт на поплаве пасе козы. А якую яшчэ жыўнасьць вы трымаеце?”
Арочка: “З парнакапытных – толькі чатыры казы. Адна прапала, дык я двух сіротак-казьлянятак выгадаваў, выпаіў, магу ўдружыць, калі хто пажадае. Ня надта паслухмяныя яны ў мяне. Так атрымалася, што мая гаспадыня часьцей жыве ў Менску, глядзіць унука, падымае яго на ногі. І я ёй кажу: “Марыя, будзь там, дзе ты больш патрэбная. А я тут сам спраўлюся”. Дык жонка, калі прыяжджае, а я, бывае, разьенчуся, часам гаворыць: “Ты ня надта тут войкай, цябе на гэтым сьвеце гаспадарка трымае, зямля трымае”. Прыедуць жонка з унукам – я іх казіным малачком пачастую. А яны мяне – дабрынёй сардэчнай. Цяпер паўсюль мабільныя тэлефоны, мы кожны дзень перагаворваемся. Так і трымаемся”.
Скобла: “Дваццаць гадоў таму вы пакінулі Менск і больш не вярнуліся ў сталіцу. У чым для вас перавага вёскі над горадам?”
Арочка: “У вёсцы я ў сваім родным асяродзьдзі, а таму пачуваюся ня так і кепска. Тут жа ў нас на Слонімшчыне – стыхія беларускай мовы, чалавек гаворыць – і русізмаў не чуваць. У нашай мове я проста купаюся душой, жыву душой. Цяжкавата мне цяпер выяжджаць зь Вецявічаў, з нагамі кепска. Не магу ў Слонім дабрацца, ня кажучы пра сталіцу. Хоць часам і рупіць мне. Тут жа рэдка ў якой хаце людзі жывуць. Самотна часам. Але мова і сьвет родных людзей – вось маё галоўнае духоўнае апірышча”.
МІКОЛА АРОЧКА. З НОВЫХ ВЕРШАЎ
Укрыжаваньне
Ты Богам мне пасланая, Марыя,
Мы чуем лёсу лютага пазоў.
I ўваскрасаюць вобразы жывыя:
Твая сястра зь Віфаніі – Марыя
Духмянаю пяшчотай валасоў
Ісусу выцірае з ног стамлёнасьць.
Гаючы дотык слухае Хрыстос,
На твары дабрыня і задумёнасьць.
I ўжо ня цешыць цеплыня яднаньня
Сьвятога духу і яе душы.
Усё канае ў смутку прадчуваньня
Цярністага цярпеньня на крыжы,
Ён бачыць зло, што возьме ў нас сыноў,
I людзкасьці трагізм – без пакаяньня,
І рабства душ, і фарысэйства слоў,
I на крыжы тым – наша ўкрыжаваньне!
Каронная баляда Вітаўта
Адчуўшы блізкі скон, вялікі Вітаўт
Сабраў ля ложа ўдалых ваяроў,
З расьсечанай кароны выцер кроў,
Змачыў яе гаючай акавітай.
Перахапіць хіба маглі магнаты?
Асьвечаную Рымам – ды на злом?!
Яна ўцякла параненай ад здрады
На нашае дзяржаўнае чало!
На раны яе Вітаўт самавіта
Усклаў далоні – з пошаптам бароў,
З расстайным рыкам збуджаных зуброў –
I ажыла карона, з мараў літая!
Цяпер з чала ня дайце яе зрынуць,
Зноў мечам ці маной распалавініць,
Пасеч зямлю, нябёс блакітны дах!
Зямля сябе ўзгадуе ўласным коштам,
Хоць шлях Айчыны будзе і ня простым,
Ды ў бок Свабоды выкіруе Шлях!
Апосталка
Божа Зямлі мае, Божа продкаў маіх,
дай мне сілы вытрымаць найцяжэйшае.
Ларыса Геніюш
Дабраславіў Вас, Апосталка, Бог –
Мечам любові ад зла адбівацца!
Зброю такую у пекла дарог
Колісь панесьлі на вуснах – Дванаццаць.
З Богам бацькоўская ў горы зямля
Рукі на плечыкі ўсклала дзяўчаці:
Дочка, забудзься на ўтульнасьць жыльля,
Выйдуць у шлях твой – страта на страце...
Сына ад Вас, як лісток, адатнуць,
Маці данішчаць галодным выгнаньнем,
Бацьку на браме турмы разапнуць,
Вытнуць братоў і сясьцёр – каб нізваньня!
Толькі ж самую з адчайнай душой
Як жа ім выкрасьці ў Бога Айчыны?
Божа, навошта твой Дух сышоў
На скрыжаваныя рукі жанчыны?
Песьню сваю, як дзіця ў пеляне,
Несьлі з Зальвянкі Вы – з хваляў хрышчэньня!
Сорам кідае долу мяне
Перад жаноцкай адвагай служэньня!
Гэта ж мальба Найвышэйшаму!.. Дол
З гожага цела вып’е ўсе сілы.
Толькі душа не ідзе па дазвол:
Браць непадлегласьць Айчыны – ў магілу!
Дол ёй капалі сярод мерзлаты,
Ікламі рвалі ў лягернай Інце.
Думка ж аб тым тэстамэнце сьвятым
Грэла далонь, як сьцяблінка ў жыце.
Малітва на Адама Станкевіча
Малюся я на Вас, на сьвятара,
Пакутніка за долю Беларусі,
На Вашу сьвятасьць веры і дабра,
Упаўшы на калені, я малюся.
Малюся я на Вашыя сьляды
У слонімскім выгнаньні – ў горкай скусе.
На той зямлі ня ведаў я тады,
Які круты зацягваецца вузел!
Малюся я на Ваш ахвярны крыж,
Які панесьлі Вы – аж да Тайшэта...
Гальгота наша, ты яшчэ стаіш,
Касьцямі ўсланая, як ганьба сьвету!
Малюся я на Ваш сьвяшчэнны прах,
Зламысна патаптаны ў завірусе.
Зь нямой сьлязой надзеі на вачах
На Вас – як на сьвятога! – я малюся.
Так, на сьвятога! Прэч, ліхая замець!
Зьбяру я ў думках рэшткі зь мерзлаты,
Пастаўлю дамавіну ўсім – як памяць,
I ўбачу я над ёй – Ваш Дух сьвяты!
Я Ваш вызнанец мэтаў і надзей
На Адраджэньне вольнай Беларусі.
Я зь вераю у Боскі Дом людзей
Заходжу ціха – і на Вас малюся.
КРЫТЫКА
АД ЛІСТА ВАЦЛАВУ ЖАБРОЎСКАМУ ДА ПІСЬМА ВЯЛІКАМУ СТАЛІНУ
“Пасьля крутога павароту: ідэоляга-палітычная барацьба ў Беларусі ў 1932-1936 гадах: дакумэнты, матэрыялы, аналіз” – гэтак называецца зборнік, выдадзены Беларускім навукова-дасьледчым інстытутам дакумэнтазнаўства і архіўнай справы. Ягоныя аўтары-складальнікі – архівісты Расьціслаў Платонаў, Уладзімер Адамушка, Вячаслаў Селяменеў і Яўгенія Фалей. На матэрыялы зборніка, датычныя тагачаснага літаратурнага працэсу ў Беларусі, зьвярнуў увагу крытык Анатоль Сідарэвіч.
Калі мы разважаем пра літаратуру, літаратурны працэс, то побач з такімі чыньнікамі, як літаратурная творчасьць, літаратурная крытыка, літаратурнае кнігавыдавецтва і пэрыёдыка, вылучаем таксама і літаратурны побыт, літаратурную штодзённасьць. І, бадай, ніхто ня будзе аспрэчваць, што літаратурная штодзённасьць у значнай меры вызначаецца сацыяльна-палітычнай атмасфэрай у краіне, палітычным кліматам.
Дасьледваньнем гэтага клімату займаюцца гісторыкі. Нядаўна яны выпусьцілі трэці зборнік дакумэнтаў і матэрыялаў, прысьвечаных ідэоляга-палітычнай барацьбе ў Беларусі. Два папярэднія зборнікі выйшлі ў 1999 і 2001 гадах і мелі назвы “Перад крутым паваротам” і “На крутым павароце”. Круты паварот, або вялікі пералом, як вядома, адбыўся ў 1929–1931 гадах і азначаў, груба кажучы, устанаўленне аднаасобнай улады Сталіна ў СССР і пачатак пасьлядоўнага вынішчэньня элітаў у так званых нацыянальных рэспубліках. Паколькі, у адпаведнасьці зь ленінскім вучэньнем, літаратура зьяўляецца часткаю агульнапартыйнай справы, то задача бальшавікоў складалася ў тым, каб шляхам тэрору прымусіць творчую інтэлігенцыю аблугоўваць патрэбы рэжыму.
У новым зборніку, як і ў папярэдніх, даволі шырока прадстаўлены дакумэнты і матэрыялы Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь і пэрыядычнага друку БССР, датычныя літаратуры. Гэта быў час, калі сталінскі рэжым распусьціў усе літаратурна-мастацкія згуртаваньні (у БССР гэта “Узвышша”, “Полымя”, Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменьнікаў), час, калі стваралі Саюз савецкіх пісьменьнікаў. Фармальна распусьціўшы БелАПП, бальшавікі па-ранейшаму фаварызавалі яе дзеячоў. І паказаць гэта адважыліся ў лісьце да сакратара ЦК КП(б)Б Вацлава Жаброўскага 15 пісьменьнікаў, якія раней належалі да іншых літаратурных аб’яднаньняў. З тых 15 пісьменьнікаў у турмы і ссылку трапяць восем. Апублікаваўшы гэты ліст, складальнікі зборніка зьмяшчаюць у ім фрагмэнты “зусім сакрэтнага” агляду літаратурных пэрыядычных выданьняў за 1932 год. Публікуюцца тут і фрагмэнты прамовы Жаброўскага на літаратурнай нарадзе ў ЦК КП(б)Б, што адбылася ў кастрычніку 1932 году, і дакумэнт “Некалькі беглых заўваг аб становішчы на беларускім літаратурным фронце”, напісаны Міхасём Лыньковым... Калі Міхась Лынькоў піша свой агляд, відаць, па патрабаваньні ЦК і ўстрымліваецца ад палітычных абвінавачаньняў, дык дырэктар Інстытуту літаратуры і мастацтва Беларускай Акадэміі навук Віталь Вольскі складае на пачатку 1933 году данос.
Наагул, даносы можна падзяліць на публічныя і закрытыя, на службовыя і, калі можна так сказаць, “ад шчырага сэрца”. На жаль, складальнікі зборніка абышлі ўвагаю публічныя даносы, як, напрыклад, надрукаваны ў чацьвёртай кніжцы “Полымя” за 1932 год адкрыты ліст Уладзімера Сядуры паэту Юлію Таўбіну з нагоды публікацыі паэмы “Таўрыда”. Ліст напісаны ў нібыта таварыскім тоне: крытык называе паэта па-свойску Юлікам. Але вось адзін толькі фрагмэнт з таго ліста: “...На падмогу... эпігонам буржуазнага мастацтва прыходзіш ты, Юлік...” У тых умовах і ў тых абставінах гэта быў палітычны данос на паэта. Мусіць, трэба было б адлюстраваць у зборніку і дыскусію вакол паэмы Янкі Купалы “Над ракой Арэсай”, бо гэты твор многімі быў успрыняты як знак канчатковага пераходу паэта на савецкія пазыцыі.
Заканчваецца новы зборнік дакумэнтаў і матэрыялаў выпіскамі з пратаколаў пасяджэньняў бюро ЦК ЦКП(б)Б аб зацьвярджэньні тэксту “Пісьма беларускага народу Вялікаму Сталіну” і аб вырабе куфра, у якім вышытае пісьмо належала паднесьці бацьку і настаўніку ўсіх народаў.
Будзем чакаць наступнага зборніка. У ім, трэба спадзявацца, зьявяцца дакумэнты, датычныя літаратурнага жыцьця 1937–1941 гадоў.