Ці можна адмовіцца ад апытаньня падчас “кватэрнага абходу”?

Пра гэта спытаўся наш слухач Корж зь Менску. На пытаньне адказвае юрыст, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

“Фармальна пускаць у сваю кватэру супрацоўніка праваахоўных органаў грамадзянін абавязаны толькі для правядзеньня пэўных працэсуальных дзеяньняў. Кшталту ператрусу, арышту, калі ёсьць адпаведная санкцыя. Таксама ў выпадках, калі правяраецца пашпартны рэжым.

Ва ўсіх іншых выпадках гэта права грамадзяніна — пускаць ці не пускаць, гаварыць ці не гаварыць. У дадзеным выпадку, калі да вас прыходзіць супрацоўнік і пытаецца, дзе быў у такі і такі час, трэба разумець, што гэта проста апытаньне. Гэта ня допыт, чалавек не праходзіць у якасьці сьведкі, ня мае іншага працэсуальнага статусу. І таму можа адмовіцца ад апытаньня, можа нават сказаць няпраўду, калі лічыць гэта патрэбным, — ніякай адказнасьці за гэта не прадугледжана.

Грамадзянскі абавязак патрабуе пэўнага супрацоўніцтва з органамі, якія вядуць расьсьледаваньне такіх складаных і небясьпечных для грамадзтва спраў, але заўважу, што выкананьне такога грамадзянскага абавязку наўпрост залежыць ад даверу да праваахоўных органаў. А давяраць ці не давяраць — кожны вырашае сам. На жаль, нашы органы шмат даюць падстаў, каб ім не давяралі”.