Павялічваецца колькасьць грамадзян, якіх правяраюць у сувязі з расьсьледаваньнем выбуху 4 ліпеня. Тым часам міліцыя нагадвае журналістам, якія пра гэта інфармуюць, што за разгалошваньне таямніцы сьледзтва існуе крымінальная адказнасьць.
На пачатку тыдня зьявіліся зьвесткі, што з прычыны выбуху міліцыя зацікавілася людзьмі, якія раней былі асуджаныя за захаваньне зброі ці незаконныя апэрацыі са зброяй і выбуховымі рэчывамі. Паведамлялася пра такія праверкі ў Магілёўскай вобласьці. Сёньня стала вядома, што супрацоўнікі праваахоўных органаў правяраюць гандляроў на менскім рынку ў Ждановічах. Прадпрымальнік Алесь Таўстыка распавёў:
“Што іх больш за ўсё цікавіць? Яны патрабуюць дакумэнты на набыцьцё пераключальнікаў, на дрот для прыпайваньня. Дзе яно набываецца. Потым просяць нейкую частку дроту адкусваць, складаць у канвэрты і забіраюць. Тым, хто адмаўляецца, пагражаюць прыводам у міліцыю”.
Паводле Алеся Таўстыкі, “сілавікі” паказваюць свае пасьведчаньні, але “гэтак хутка, што немагчыма нічога ўбачыць”.
Паводле ліквідатара чарнобыльскай аварыі Мікалая зь Менску, напярэдадні яго выклікалі ў райаддзел міліцыі. “У калідорах райаддзелу поўна людзей: выклікаюць ліквідатараў, а таксама ўдзельнікаў розных канфліктаў у “гарачых кропках”. Пытаюцца, дзе быў у ноч на 4 ліпеня, і прапануюць здаць адбіткі пальцаў. Пакуль толькі прапануюць. Што да мяне, я адмовіўся здаваць, бо лічу гэта незаконным. Я тады ўвогуле ня быў у Менску, пры чым тут мае пальцы?” — сказаў Мікалай. Ліквідатар не назваў свайго прозьвішча і адмовіўся агучыць інфармацыю пад запіс. Ён пабойваецца, каб ня ўзьнікла праблемаў за адмову здаваць адбіткі пальцаў.
У прэсавай службе МУС адносна сьледзтва ў справе выбуху кажуць: “Вядуцца пэўныя дзеяньні, якія прадугледжаныя законам”, але падрабязнасьцяў не паведамляюць. Кіраўнік прэсавай службы Канстанцін Шалькевіч нагадвае журналістам пра закон:
“Ня раю займацца такімі рэчамі, якія тычацца сьледчых дзеяньняў. Бо ў законе існуе паняцьце тайны сьледзтва. Вы можаце паведамляць пра што заўгодна, але думайце, пра што паведамляеце, хаця б як гэта падаяце”.
Ці дазваляе закон патрабаваць ад людзей даваць свае адбіткі пальцаў? Сытуацыю камэнтуе вядомая адвакатка, кіраўніца “Цэнтру правоў чалавека” Вера Страмкоўская:
“Калі ўжо заведзена крымінальная справа і зьявіліся падставы падазраваць чалавека ў злачынстве, тады закон такое дазваляе. Але прасіць людзей прыйсьці і нібыта добраахвотна гэта зрабіць — гэтым улады дэманструюць, што законных падстаў няма, а ёсьць іх падазрэньні, якія яны ня могуць рэалізаваць”.