Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 17 ліпеня, чацьвер.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
У Беларусі ідзе падрыхтоўка ды выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:
Спадар: “Вашы карэспандэнты часта бяруць інтэрвію ў лідэраў апазыцыі наконт будучых выбараў. І кожны зь іх не выключае байкоту гэтых выбараў. Я думаю, якімі б дэмакратычнымі яны ні былі, апазыцыя ўсё роўна аб’явіць ім байкот, бо яны ведаюць, што ні пры якіх умовах ніхто зь іх ня пройдзе ў парлямэнт, і таму баяцца ганьбы. Ніводзін жа зь іх, хто балятаваўся нават у гарсавет, ня быў выбраны. Дзякуй”.
Выказваньне камэнтуе каардынатар выбарчай кампаніі аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі Віктар Карніенка:
“За мяне прагаласавала больш за 200 тысяч выбарцаў у свой час. Але калі ўсё так добра і ўладзе няма чаго клапаціцца пра свой аўтарытэт, то чаму б не правесьці выбары паводле стандартаў АБСЭ? Вось тады мы прызнаем любыя выбары, нават калі апазыцыя набярэ той адсотак, пра які кажа спадар”.
Яшчэ адно пытаньне на тэму выбараў:
Спадар Віктар Буто: “У мяне невялікае пытаньне да ўладаў і апазыцыі: чаму ўлады не даюць па 50 месцаў ва ўсіх выбарчых камісіях для прадстаўнікоў улады і апазыцыі? Гэта неабходна для таго, каб выбары сапраўды былі дэмакратычныя, без фальсыфікацыяў”.
Адказваюць старшыня Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік і адзін з кандыдатаў на ўдзел у выбарах ад апазыцыйных сілаў Юрась Губарэвіч:
Лазавік: “Калі мы па 50% будзем уключаць ад усіх грамадзян і ад апазыцыі, то атрымаецца зусім не парытэтная аснова. Пэўна, больш правільна так будзе: каб удзельная вага палітычных партый у выбарчых камісіях была прыкладна такая ж, як і ўдзельная вага гэтых палітычных сіл у беларускім грамадзтве”.
Губарэвіч: “Улада не зацікаўленая ў тым, каб выбары праходзілі дэмакратычна і каб воля выбарцаў адлюстравалася ў выніках. А таму ўводзяцца ўсялякія абмежаваньні для кантролю, каб мэханізм выбараў быў празрысты”.
Пасьля выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка звольніў дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана і кіраўніка сваёй адміністрацыі Генадзя Нявыгласа. У зьвязку з гэтым пытаньне ў СМС-лісьце: “Ці няма сувязі адстаўкі Шэймана з патрабаваньнем Расеі разьлічыцца за газ?”
На пытаньне адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч:
“Я не прыхільнік таго, каб вышукваць нейкія патаемныя матывы. Ёсьць дастаткова выразная матывіроўка адстаўкі Шэймана. Яна зьвязана зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю. Хоць ніколі ня трэба выключаць, што мы шмат чаго ня ведаем пра ўсё гэта”.
***
Спадар: “Кажуць, што наша краіна — цэнтар Эўропы, кажуць, што мы — эўрапейцы. Неяк цяжка ў гэта верыцца. Ну не прымае наш народ заходнія каштоўнасьці, заходнюю манеру жыцьця. Ня так мы жывём, а галоўнае — ня так думаем. А можа, сапраўды на нашай геаграфічнай тэрыторыі жыве мала сапраўдных беларусаў, якія цэняць сваю мову, гісторыю, культуру, якія змагаюцца за свае правы і зьяўляюцца эўрапейцамі? А астатняя маса — гэта нейкі ўсходнеазіяцкі народ? Як вы лічыце?”
Адказвае культуроляг Сяргей Харэўскі:
“Частка адказу закладзеная ў самім пытаньні: чалавек непакоіцца пра лёс беларускай мовы, а пытаньне задае па-расейску. Таксама, Эўропа — гэта не адзінае нешта, бэтоннае. Гэта абсалютна розныя народы, з розным мэнталітэтам, аб’яднаныя на адной гістарычнай прасторы”.