Сёньня лідэры апазыцыйных партыяў, якія ўваходзяць у склад Аб’яднаных дэмсілаў Беларусі, накіраваліся да Генэральнага пракурора краіны Рыгора Васілевіча. Яны мелі намер перадаць яму ліст з просьбай аб сустрэчы.
“Разам зь Вячоркам, Калякіным і Рынкевічам мы накіраваліся да Генэральнай пракуратуры. Нас суправаджаў спэцназ і нейкія людзі ў цывільным, якія вялі відэаздымкі”, — паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.
Да візытэраў, па словах палітыка, выйшаў намесьнік начальніка аддзелу працы са зваротамі грамадзянаў. Ён паглядзеў зварот і хацеў кваліфікаваць яго як зварот грамадзянаў. “Але мы запярэчылі і сказалі, што гэта ёсьць зварот кіраўнікоў афіцыйна зарэгістраваных палітычных арганізацыяў з просьбай пра тэрміновую сустрэчу з Генэральным пракурорам. Супрацоўнік пракуратуры паабяцаў, што дакумэнты будуць перададзеныя Генэральнаму пракурору. А пра ягонае рашэньне нас праінфармуюць”.
Партыйныя актывісты хочуць абмеркаваць сытуацыю, якая мае месца ў краіне падчас выбарчай кампаніі. У лісьце адзначаецца, што ёсьць падставы гаварыць пра масавыя парушэньні Канстытуцыі, пра парушэньні правоў грамадзянаў, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі.
Зварот да Генэральнага пракурора падпісалі лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Партыі камуністаў Беларускай і БСДП (Грамада).