Пастанова пра арышт была вынесена яшчэ 26 траўня: суд прызнаў прадстаўніка БХК вінаватым ў дробным хуліганстве.
Цягам амаль двух месяцаў спадар Павал Левінаў спрабаваў аспрэчыць судовы вырак – давесьці сваю невінаватасьць і тое, што пастанова выносілася з парушэньнямі -- яе не зачыталі ў ягонай прысутнасьці. Паводле праваабаронцы, увесь гэты час супрацоўнікі Першамайскага РАУС рабілі захады, каб гвалтам даставіць яго пад арышт: дзяжурылі каля ягонай кватэры і адсочвалі ягоныя перасованьбні па горадзе. Сёньня Паўла Левінава прывезьлі ў пастарунак са шпіталя, куды ён трапіў учора з пракуратуры, дзе адбылося ягонае чарговае сутыкненьне зь міліцыянтамі.
Нагадаем, што суддзя Чыгуначнага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна. прызнала прадстаўніка БХК у Віцебскай вобласьці Паўла Левінава вінаватым нібыта за нецэнзурную лаянку на адрас супрацоўнікаў міліцыі падчас затрыманьня 27 сакавіка, калі праваабаронца спрабаваў трапіць у кватэру да журналіста Вадіма Баршчэўскага, дзе праводзіўся ператрус. Апрача арышту, спадару Левінаву быў прысуджаны штраф памерам 20 базавых велічынь, або 700 тысяч рублёў – нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам.