У Эўрапарлямэнце адбылася дыскусія пра сытуацыю ў Беларусі. Яна прайшла з ініцыятывы групы сацыялістаў, якая займае другое месца паводле колькасьці дэпутатаў у Эўрапарлямэнце. Зь беларускага боку ў ёй узялі ўдзел палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Мікола Статкевіч і Вольга Казуліна.
Беларуская дэлегацыя перадала сябрам групы сацыялістаў запрашэньне наведаць Беларусь, каб падтрымаць дэмакратычны працэс падчас выбараў. Паводле сайту эўрадэпутатаў-сацыялістаў, лідэр групы Марцін Шульц заявіў, што “прыехаць у Беларусь будзе складана, але мы будзем ціснуць на ўлады, каб яны дазволілі нам сабрацца на месцы”. Паводле спадара Шульца, у выпадку справядлівых выбараў мець магчымасьць падтрымаць братэрскія партыі — гэта больш чым нармальна.
Запрашэньне прыняў і віцэ-прэзыдэнт групы Ян Марынус Вірсма. Ён сказаў, што ягоны зварот па візу ўжо ў дарозе ў амбасаду. Іншых эўрапарлямэнтароў ён заклікаў зрабіць тое ж самае. Паводле спадара Вірсмы, прыезд сяброў Эўрапарлямэнту на выбары мог бы стаць сыгналам таго, што краіна шчыра зацікаўленая ў мацнейшых стасунках з Эўразьвязам. Ён таксама зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вызваліць палітвязьня Аляксандра Казуліна.
Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч сказаў:
“Яны вельмі хацелі б прыехаць на выбары. І я перадаў спадару Марціну Шульцу запрашэньне, падпісанае мной, спадаром Шушкевічам і спадаром Казуліным. Яны будуць імкнуцца прыехаць, але гэта будзе залежаць ад беларускіх уладаў — ці дашлюць яны запрашэньне. Бо калі ў 2004 годзе пасьля гэтых так званых выбараў спадар Ян Марынус Вірсма выказаў сваю пазыцыю наконт выбараў, адносна крытычную, то пасьля гэтага ён зрабіўся ў Беларусі пэрсонай нон-грата. Яго не запрашаюць і не дазваляюць прыехаць. Цяпер ён зноў хоча прыехаць, і мы будзем назіраць, як і Эўрапарлямэнт, за рэакцыяй беларускіх уладаў на гэта”.
Падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце прадстаўнікі беларускіх сацыял-дэмакратаў патлумачылі сваю пазыцыю адносна цяперашняй выбарчай кампаніі ў Беларусі. Мікола Статкевіч заявіў:
“Пазыцыя ў тым, што выбараў няма. Ёсьць рытуал. І гэта пазыцыя нашых калегаў з партыі эўрапейскіх сацыялістаў. Калі выбараў няма, то трэба ставіць іншыя задачы. Мы ставім задачы зьмяніць імідж дэмакратычных сілаў, які ў грамадзкай сьвядомасьці дагэтуль зьвязваецца з крызысам пачатку 90-х, чаму спрыяе прапаганда рэжыму. І мы імкнемся гэта зрабіць, выкарыстоўваючы плятформу эўрапейскай інтэграцыі Беларусі. Наша мэта — патлумачыць, што ўлада ў сваіх эгаістычных мэтах, дзеля свайго захаваньня пазбаўляе Беларусь магчымасьці рухацца ў бок эўрапейскага дабрабыту”.