Сярод затрыманых у крымінальнай справе, распачатай пасьля выбуху падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня, ёсьць студэнты, якія мелі доступ да выбуховых рэчываў.
Яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Сярод іх — студэнт унівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Алег Шэлег і студэнтка біялягічнага факультэту Беларускага дзяржунівэрсытэту Тацяна Пякун. Дзяўчына наведвала хімічны гурток і летась была сьведкай у справе Алега Шэлега. Яго тады абвінавачвалі ў вырабе самаробных пэтардаў і пакаралі ўмоўна.
Сьледчыя адпрацоўваюць вэрсію датычнасьці студэнтаў-хімікаў да вырабу самаробнай бомбы, якая выбухнула падчас сьвяточнага канцэрту і пакалечыла каля паўсотні чалавек.
Адвакатка Тацяны Пякун Сьвятлана Гарбаток паведаміла “Свабодзе”, што сьледчыя правялі ў дзяўчыны на кватэры ператрус і цяпер яе дапытваюць.