Сяргей Бялонін, бацька студэнта Ўладзімера Бялоніна, якога арыштавалі паводле падазрэньня ў датычнасьці да выбуху 4 ліпеня, паведаміў “Свабодзе”, што сьледчыя вырашылі выпусьціць з ізалятара ягонага сына.
“Менавіта пра такое рашэньне беларускага боку мне паведамілі ў расейскай амбасадзе. Зараз я знаходжуся побач з ізалятарам на Акрэсьціна, чакаю вызваленьня сына”, — сказаў праз тэлефон Сяргей Бялонін.
Нагадаем, ягонага сына Ўладзімера, студэнта аднаго з менскіх ВНУ, першы раз затрымалі і дапыталі 4 ліпеня, а 9-га арыштавалі як падазраванага і зьмясьцілі ў ізалятар. Паводле бацькоў Уладзімера Бялоніна, затрыманы цяжка хворы на страўнік і ня можа нармальна харчавацца ў турэмных умовах. 14 ліпеня амбасада Расеі ў Беларусі даслала ў МЗС ноту, у якой заклікала зьмяніць меру стрыманьня для расейскага грамадзяніна У. Бялоніна на падпіску пра нявыезд.
Учора прэс-аташэ амбасады Расеі ў Беларусі Вадзім Гусеў паведаміў «Інтэрфаксу»: «Беларускія ўлады паінфармавалі, што Бялонін Уладзімір Сяргеевіч быў затрыманы па арт. 108 КПК Беларусі (затрыманьне па непасрэдна ўзьніклым падазрэньні у зьдзяйсненьні злачынства)».
У МУС Беларусі зьвесткі, якія тычацца справы пра выбух, не камэнтуюць.