Ад сёньняшняга дня ў выбарчай кампаніі пачынаецца новы этап — утварэньне ўчасткаў для галасаваньня. Гэтая працэдура павінна скончыцца не пазьней за 26 ліпеня. А пакуль Цэнтравыбаркам падсумоўвае вынікі фармаваньня акруговых выбарчых камісіяў.
Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сказаў “Свабодзе”, што ў склад акруговых камісіяў уключылі 38 чалавек, якія належаць да апазыцыйных палітычных партыяў:
“У склад акруговых выбарчых камісіяў увайшло 1430 грамадзянаў. Сярод іх прадстаўнікоў палітычных партыяў — 151 чалавек. Заяўкі палітычных партыяў выкананы на 40,7%. Мы ня любім карыстацца такімі тэрмінамі, як “апазыцыйная партыя” ці “праўрадавая партыя”. Але нам часта задаюць пытаньні пра гэта. І я магу ўдакладніць, што сярод сябраў акруговых выбарчых камісіяў 38 прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, што складае 32,2% ад усіх прадстаўленых імі заявак. Ад іншых партыяў уключана 113 чалавек. Іх заяўка выкананая на 44,7%”.
Найбольш сябраў акруговых камісіяў мае Камуністычная партыя Беларусі, якая падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку (58). Лібэрал-дэмакраты атрымалі 19 месцаў, Аб’яднаная грамадзянская партыя — 17.
Акрамя таго, у камісіі ўключаныя 4 прадстаўнікі грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Такім чынам, усяго ад апазыцыі ў акруговыя камісіі ўвайшлі 42 чалавекі.
Сябра Партыі БНФ, адзін з заснавальнікаў незарэгістраванага руху “За свабоду” Юрась Меляшкевіч абраны ў акруговую камісію. Іншых прадстаўнікоў апазыцыі ў гэтай камісіі няма. Цікаўлюся, як спадар Меляшкевіч зьбіраецца кантраляваць адпаведнасьць дзеяньняў камісіі выбарчаму заканадаўству?
“Я пакуль што зь цяжкасьцю ўяўляю, як можна абараніць закон у выпадку, калі я буду адзіным прадстаўніком дэмсілаў у гэтай камісіі. Я маю досьвед правядзеньня выбарчых кампаніяў, калі ў складзе акруговых камісіяў быў сябар нашай партыі. І ён спрабаваў абараняць законныя інтарэсы. Але гэта не дапамагло, на жаль, правесьці выбары на належным узроўні.
Таму, я лічу, нам неабходна шырокае прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў ва ўчастковых камісіях. Інакш стандарты выбараў будуць вельмі нізкія. І я думаю, што тады яны пройдуць па тым жа сцэнары, як у 2004 годзе і раней”.