А.Сергіенка: выбілі дзьверы, надзелі кайданкі

Сябра перадвыбарчага штабу Анатоля Лябедзькі, сябра АГП Аляксандар Сергіенка зьвязвае сваё нядаўняе затрыманьне супрацоўнікамі КДБ у якасьці падазраванага па справе аб выбуху 4 ліпеня, зь ціскам уладаў на апазыцыю:
“Яны робяць такія палавіністыя меры: з аднаго боку пачынаюць уключаць асобных прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі. З другога боку пачынаюць перашкаджаць весьці падрыхтоўчую працу”.

А.Сергіенка апавёў пра некаторыя дэталі свайго затрыманьня супрацоўнікамі КДБ 10 ліпеня.

Ён паведаміў, што разам з братам знаходзіўся дома. Супрацоўнікі КДБ выбілі дзьверы і забеглі ў кватэру.

“Брата паклалі тварам на ложак, а мяне на падлогу. Прычым так ударылі тварам, што дагэтуль сіняк каля вока, нам надзелі кайданкі. Супрацоўнікі спэцслужбаў не прадставіліся. Яны зрабілі ператрус.Забралі нейкія старыя пляшкі з-пад бытавой хіміі, якія стаялі на бальконе. Таксама яны забралі некаторыя партыйныя дакумэнты. Мяне павезьлі ў “амэрыканку” і пасьля допыту пасадзілі ў камэру на адно месца. Нікуды не выводзілі – і гэта было самае цяжкае, бо не было зь кім нават пагаварыць”.

А.Сергіенку вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яму вярнулі сыстэмны блёк кампутара. Ён лічыць, што яму ўдалося даказаць сваё алібі.