Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі мяркуе, што рана рабіць высновы аб ходзе выбарчай кампаніі паводле вынікаў фармаваньня акруговых выбарчых камісіяў.
“Канчаткова будзе бачна па выніках стварэньня ўчастковых камісіяў, бо фальсыфікацыі робяцца на ўчастках”.
Паводле Лявона Баршчэўскага, апазыцыя будзе імкнуцца накіраваць сваіх прадстаўнікоў ва ўсе ўчастковыя камісіі, прынамсі там, дзе яе кандыдаты будуць мець шанцы на перамогу. Пры гэтым спадар Баршчэўскі не выключае і магчымасьці байкоту выбараў:
“Байкот – гэта зброя, якая страляе адзін раз, і калі ўжо стрэліць, то трэба, каб у нікога не выклікала сумненьня, чаму гэта робіцца. Пакуль што мы не на гэтым этапе. Я спадзяюся, што ўсё-такі вызваляць нашых людзей... Але калі ўлады будуць ісьці на абвастрэньне, на нематываваныя арышты і запалохваньні і перасьлед, то тады можна будзе гэтую зброю прымяніць”.
На сёньня няма атмасфэры для нармальных выбараў, мяркуе спадар Баршчэўскі, але ўлады яшчэ маюць магчымасьці яе паправіць.