Шмат хто зь лідэраў беларускай апазыцыі добра ведаў Браніслава Герэмэка, які загінуў учора. У ім бачылі шчырага сябру Беларусі і выдатнага эўрапейскага дзеяча.
Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, Браніслаў Герэмэк быў шчырым сябрам Беларусі і змагаўся за дэмакратызацыю яе палітычнага ладу. Фактычна ён быў сябрам прабеларускага лобі ў эўрапейскіх структурах.
“Гэта адна з ключавых задач — мець эфэктыўнае прабеларускае лобі ў міжнародных арганізацыях, у Эўропе. Спадар Герэмэк сапраўды быў адным з тых людзей, якія рэальна працавалі дзеля Беларусі. Вельмі шкада! Не хапае людзей, якія б гэтак добра ведалі Беларусь учорашнюю і Беларусь сёньняшнюю, як ён, і мелі рэцэпты па беларускай праблематыцы. Чаму ён так добра разумеў сытуацыю ў Беларусі? Бо сам быў з аўтарытарнай краіны — і ў турме сядзеў, і арганізоўваў акцыі пратэсту, быў каля ўлады ў пэрыяд трансфармацыі. Сам прайшоў праз усё, таму лепш, чым палітыкі, прыкладам, з Партугаліі ці Швэйцарыі, разумеў прыроду беларускага аўтарытарызму і лукашызму”.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч адзначае, што Браніслаў Герэмэк быў вельмі адукаваным і дасьведчаным чалавекам, які свае веды і досьвед выкарыстоўваў на карысьць людзям.
“Мы сустракаліся шмат разоў, апошні раз — летась у Страсбургу, на сьвяткаваньні 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, калі была старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ды іншыя беларускія дзеячы. Была вельмі шчырая размова, Браніслаў Герэмэк шчыра дапамагаў Беларусі. Увогуле ў ім мяне вельмі ўражвала здольнасьць дакладна выкладаць свае думкі і рабіць канкрэтныя прапановы. Звычайна, калі прыйдзеш са сваімі праблемамі да вядомай асобы, табе паспачуваюць ды параяць тое, што ты і так ведаеш. А ён быў чалавекам, які добра ведаў, як трэба зрабіць. Прыкладам, ён быў дасьведчаны ў міжнародных зносінах, ведаў працу польскіх замежных інстытуцыяў у Эўропе. Гэта зь яго парады я зьвяртаўся ў Польскі інстытут у Дзюсэльдорфе, дзе мы вырашалі, што трэба рабіць у нашых няпростых умовах”.
Намесьнік старшыні Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка згадаў, што сустракаўся з Браніславам Герэмэкам у трох ягоных станах: калі былы дзеяч “Салідарнасьці” быў міністрам замежных спраў Польшчы, потым — калі ўзначальваў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, і ў часе ягонага дэпутацтва ў Эўрапарлямэнце. На ўсіх пасадах Браніслаў Герэмэк заставаўся сапраўдным дэмакратам, заўважыў Вінцук Вячорка і згадаў:
“Калі ён, міністар, прымаў нас, беларускіх дэмакратычных дзеячаў, я зьвярнуўся да яго “Panie ministrze”. Ён мяне папрасіў называць яго прафэсарам. Сказаў, што адміністрацыйныя пасады прыходзяць і сыходзяць, а прафэсарскім званьнем ён найбольш ганарыцца. Сапраўды, як бы ні зьмянялася ягоная пасада, імя Герэмэк заўсёды было важнейшае за пасаду, якую ён займаў. Для мяне Браніслаў Герэмэк — чалавек прынцыпаў. У вельмі складаныя часы ў Польшчы, якія паводле складанасьці можна параўнаць з нашымі цяперашнімі, ён прыняў абсалютна адназначнае, рызыкоўнае рашэньне — стаць на бок дэмакратычнага руху, на бок “Салідарнасьці”. Цярпеў за гэта, але ніколі не шкадаваў. Вельмі шкада, што такі чалавек, знакавая постаць для агульнаэўрапейскай гісторыі, гэтак несправядліва і рана адышоў ад нас”.