13 ліпеня 2008 года памёр Віктар Дубіцкі – вясковы настаўнік, які ўсё жыцьцё выкладаў дзецям батаніку па-беларуску. Знаёмыя й сябры кажуць, што адышоў у лепшы сьвет сапраўдны беларус, сьціплы чалавек, настаўнік са сьветлай галавой і залатымі рукамі.
У Мастоўскім раёне ён настаўнічаў у некалькіх школах, але найбольш у Лунна, дзе й жыў зь сям’ёй. Калегі па працы ўзгадваюць яго незвычайную зацікаўленасьць расьлінным сьветам. Кажа ягоны сябра, былы настаўнік Уладзімер Брыцько:
“Як настаўнік, валодаў сваім прадметам на выдатна, дзеці ведалі батаніку, цягнуліся да яго. Ён умеў іх заахвоціць. Цяжка сёньня пра гэта ўзгадваць. Ён выгадаваў цудоўны сад, раздаваў шмат саджанцаў людзям. Паабяцаў мне цудоўны вазон, такія кветкі больш ні ў кога не расьлі, толькі ў яго. Казаў мне — прыедзь, вазьмі й гадуй. Але неяк ня стала ў мяне на гэта часу. Як сапраўдны беларус, любіў сваю зямлю й шчыраваў на ёй амаль штодзённа”.
У часы перабудовы стаў на бок дэмакратычнага руху, увайшоў у Беларускі Народны фронт, і ад самага пачатку ўтварэньня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі — у яе шэрагах. Прапагандаваў беларускасьць паўсюль: на працы, сярод вясковых людзей, калі хадзіў зьбіраць подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў. Толькі сам ніколі й нікуды не вылучаў сваю кандыдатуру, ціха й сьціпла рупіўся пра іншых.
Кажа ягоны сябра, былы настаўнік Лявон Карповіч:
“Калі казаць вобразна, ён быў як бы чалавек бяз скуры. Ён вельмі востра ўспрымаў усё, што тычылася беларускасьці. Калі здымалі Пагоню з Дома ўраду, ён казаў: няхай бы лепш скінулі мяне з 10 паверху. Калі зьбівалі дзяўчатак маладых амапаўцы на пляцы, ён паказваў сваё цела й казаў: паглядзі, Лявон, на маім целе сінякі. Я не магу проста перанесьці, проста пачуць, проста прапусьціць. Мне ўсё гэта баліць”.
Лявон Карповіч узгадвае, што спадар Віктар вельмі балюча ўспрымаў закрыцьцё беларускіх школак, зьнікненьне па вёсках беларускай мовы, культуры, традыцый. Балела яму, як шальмуюць нашу гісторыю, бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоню. За ўсё беларускае ў яго балела сэрца.
Апошнія гады нідзе не працаваў, жыў з жонкай Сьцепанідай на пэнсіі, але кожны дзень рупіўся ў гародчыку, нешта майстраваў у невялікім сьвіронку. Памёр раптоўна на 64 годзе жыцьця. Ізноў схапіла сэрца.
У яго засталіся жонка, два сыны, дачка і дзьве ўнучкі.