Нью-ёркцы ўзгадваюць беларускага хлопца

Год таму, у ночы з 14-га на 15-е ліпеня 2007, у адным зь нью-ёрскіх шпіталёў, ад ранаў не сумяшчальных з жыцьцём памёр 23-гадовы паліцыянт беларускага паходжаньня Расэл (Руслан) Цімашэнка.

Трагедыя адбылася ў нью-ёрскім Брукліне, на рагу Лэфэртс і Роджэрс авэню, дзе Цімашэнка разам з другім патрульным спрабавалі спыніць угнаны аўтамабіль BMW.

Кулі, якія злачынцы Дэстэр Бостык, Робэрт Эліс і Лі Вудс выпусьцілі ў галаву маладога паліцыянта, аказаліся сьмяротнымі.

Гэтымі днямі ў бруклінскім аддзяленьні Вярхоўнага суду штату Нью-Ёрк пачалося слуханьне па справе забойства сяржанта Цімашэнкі.

Сёньня бацькі, сваякі, калегі загінулага паліцыянта, нью-ёркцы ўзгадваюць гэтага мужнага паліцыянта.

Некаторыя музыкі ў памяць аб ім нават прысьвяцілі песьні.

У шафе ў бацькоўскім доме Руслана Цімашэнкі ў Нью-Ёрку па-ранейшаму вісіць ягоная паліцэйская форма. На стале ў ягоным пакоі па-ранейшаму стаіць “пратэінавы напой” - юнак займаўся цяжкай атлетыкай. У размове з карэспандэнтам Daily News бацька Руслана Леанід кажа, як штодня заходзіць у пакой сына, садзіцца на яго ложак і плача. Кожны дзень Леанід і ягоная жонка Тацьцяна наведваюць Мараўскія могілкі, дзе пахаваны Руслан.

На невялікім камяні, які ўсталяваны на магіле адлюстраваны паліцэйскі жэтон, патрульная машына і два яго любімыя сабакі.

Руслан Цімашэнка нарадзіўся ў Бабруйску 18 жніўня 1983 году. Праз 10 гадоў разам з бацькамі пераехаў у Нью-Ёрк. У 2006 скончыў Паліцэйскую акадэмію і трапіў на службу ў 71-ы ўчастак Нью-Ёрку. За невялікі час працы зрабіў 15 важных затрыманьняў.

“Ягоная трагічная сьмерць стала эмацыйнай падзеяй для ўсяго гораду.Гэты таленавіты хлопец мог дамагчыся ўсяго, чаго жадаў” кажуць у размове нью-ёрскімі мэдыямі былыя калегі сяржанта Цімашэнкі, якому пасьмяротна прысвоілі званьне дэтэктыва.

Паводле Тацьцяны Цімашэнкі, сябры сына амаль іх, і гэта прыносіць невялікую палёгку. Як і тое, што іх сына па-ранейшаму вельмі цёпла ўзгадваюць знаёмыя і незнаёмыя ім нью-ёркцы.

Тым часам на судовым працэсе ў Брукліне абвінавачаныя Дэкстэр Бостык, Робэрт Эліс і Лі Вудс у сваіх першых судовых паказаньнях пачалі перакладаць віну за злачынства адзін на аднаго.

І бацькі Цімашэнкі, і ягоныя калегі сьведчаць, што судовы працэс стане для ўсіх, хто ведаў Руслана, цяжкім выпрабаваньнем: штодня ім належыць выслухоўваць паказаньні забойцаў ды выступы іх адвакатаў.

Разам з сябрамі Руслана, прадстаўнікамі грамадзкасьці гораду старэйшыя Цімашэнкі распачалі кампанію за прыняцьце закону. які б дазволіў дамагацца сьмяротнага пакараньня для забойцаў паліцэйскіх.

“Я думаю,- гаворыць Тацьцяна,- калі бандыт ведае, што яму пагражае за такое злачынства, то ён двойчы падумае перад тым, як страляць”

“Наш сын быў шчасьлівы сваёй прафэсіяй. Я думаю, што калі б ён нават і ведаў, што зь ім здарыцца, ён зрабіў бы тое ж самае. Аднак, калі б замест загінулага героя вярнуць назад жывога сына, мы б за ўсё на сьвеце зрабілі гэта”, кажуць бацькі Руслана Цімашэнкі.