Глыбокае фэстывальнае

  • Алена Сьцяпанова
Новая перадача сэрыі “Падарожжа Свабоды”
Ня толькі таго сьвету, што ў вакне, -- гэта праўда. Але праўда і тое, што сьвет ня толькі недзе далёка. Таму на пытаньне: “Кінафэстываль?.. -- Канны? Вэнэцыя? Карлавы Вары?” – я ўжо другі год запар адказваю: “ Глыбокае, “Магніфікат”; зьбіраю валізу й еду глядзець кіно.



“Магніфікат” у Глыбокім – гэта каталіцкі фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлевізійных праграм, але дарэмна чалавек сьвецкі стаў бы бянтэжыцца строгіх словаў “каталіцкі” і “хрысьціянскія”. Бо ня колькасьць згадак імя Божага, і не наяўнасьць крыжоў, сьвечак і абразоў у кінатворы вызначаюць, будзе твор у праграме ці не. Галоўныя крытэрыі – гэта мастацкія якасьці і прафэсіяналізм. А тое, што кіно хрысьціянскае, дык гэта значыць, што вы будзеце глядзець добрае кіно – добрае ва ўсіх сэнсах.



Сёлета фэстывалю чатыры гады. Узрост дзіцячы, але толькі ўзрост. Усё астатняе – як у дарослых: і журы, і запрашоныя знакамітасьці, і тусоўкі, і кулюары, і культурная праграма. Няма хіба што чырвонага кіліма і дэфіле зорак. Зрэшты, на цырымоніі закрыцьця вечаровыя сукні вельмі й вельмі вітаюцца. Ёсьць у “Магніфіката” і свой дэвіз.

Гарулёў: Ut unum sint, «каб усе былі адно”, -- гэта дэвіз хрысьціянаў, і дэвіз каталікоў. Каб усе канфэсіі былі адзіныя: пратэстанты, праваслаўныя, каталікі...

Сапач: Вядомы беларускі дакумэнталіст Юры Гарулёў зьяўляецца заснавальнікам “Магніфікату”, ён жа – дырэктар фестывалю.


Гарулёў: Я думаю, што гэты прынцып экумэнізму тут, у нас, больш жывы, чым дзе.

-- Юры Мікалаевіч, а за што вы палюбілі Глыбокае?

Гарулёў: Ну, дык жа ж Глыбокае – гэта кавалачак прыгажосьці нашай Беларусі, пачынаючы зь Івесі і сканчаючы Мосарам. Калі я ўпершыню ўбачыў Мосар, дык зразумеў, што фэстываль павінен быць менавіта тут. Зараз Глыбоччына для ўсіх нас – родны край...

Сапач: І так званы “беларускі Вэрсаль” у Мосары, і “цэнтар Эўропы” на возеры Шо ў Івесі... усё гэта абавязковыя складнікі праграмы “Магніфікату”, закліканыя зрабіць на гасьцей незабыўнае ўражаньне. І госьці сапраўды ўражваюцца – і пекнаце тутэйшае прыроды, і тутэйшай гасьціннасьці. Асабліва тыя, хто з Расеі. Ціхенечка, па сакрэце, запытваюць: “А здесь всегда так красиво, или это специально к фестивалю подготовились?” Уяўляеце, якая прыемнасьць гаспадарам – адказаць не па сакрэце, а на ўвесь голас – у нас так заўсёды. Бо гэта праўда, дальбог, чыстая праўда.

Дашук: Нават дзіўна, што ў такой далёкай, сапраўды глыбокай правінцыі ёсьць такое прыгожае месца. Касьцёл у Мосары, дагледжанасьць, пекнасьць навакольля, і такая экзотыка, як страўсы...

Сапач: Рэжысэрка і сцэнарыстка Вольга Дашук у пошуках матэрыялу шмат езьдзіць па Беларусі. Але тут, у Глыбокім, -- упершыню.

Дашук: І людзі спадабаліся. Напрыклад, экскурсаводы музэю, якія выдатна гавораць па-беларуску.

Сапач: Аднак ня Мосар і ня Івесь – пры ўсёй павазе – сталі на кінафэстывалі першай справаю. Кіно, кіно і яшчэ раз кіно! Стужкі з Латвіі, Літвы, Грузіі, з Канады, Амэрыкі, Італіі, Расіі, Украіны...

Шур: Фэстываль дэманструе нам дзіўную абставіну, якую нельга патлумачыць ні прагматычна, ні лягічна: стужкі, створаныя ў розных краінах сьвету, зьнятыя ў аднолькавай тэндэнцыі і закранаюць адну і тую ж тэму – гэта насамрэч вельмі дзіўна.

Сапач: Кіназнаўца Галіна Шур працуе ў складзе журы фэстывалю чацьвёрты год.


Шур: Мастака зараз цікавіць дасьледаваньне асобы ў незвычайных абставінах, і адносіны аднаго чалавека да другога. Любоў да Бога, любоў да сябе, і любоў да другога чалавека...

Сапач: Некалькі словаў -- пра беларускае дакумэнтальнае кіно, якое сёлета было прадстаўлена, як ніколі, магутна. “Вальс” Віктара Асьлюка – пра вясковага доктара, які штодня, ці сьпёка на двары, ці слота, аб’язджае на ровары самыя аддаленыя, самыя закінутыя сялібы, адведвае старых і хворых людзей, на якіх усе, нават уласныя дзеці, даўно махнулі рукой. Ён і лекар для іх, і спаведнік, і апошні спадзеў. “Айцец Сергій”, работа Станіслава Гайдука, – кінапартрэт праваслаўнага сьвятара Сергія Гардуна, які перакладае на беларускую мову Сьвятое Пісаньне. Нарэшце, фільм Міхася Жданоўскага “Ува ўсе дні” – пра сьціплага, мала каму вядомага чалавека, які каторы год бароніць Курапаты. Ад непагоды, ад вандалаў і сатаністаў, ад абыякавых мінакоў. Вяртае крыжы на ранейшае месца, паднаўляе, ставіць свае, новыя. Сам. Адзін. Ува ўсе дні.

Бадай, ад самага пачатку было ясна, што сёлета галоўны прыз “Магніфікату” застанецца ў Беларусі. Спрачаліся толькі: хто стане яго ўладальнікам? Аднак інтрыга захоўвалася да самага закрыцьця фэстывалю.

Кіно, перадусім – кіно! Асабістага часу ў гасьцей і удзельнікаў зусім вобмаль. А хочацца ж ведаць, якое яно, мястэчка Глыбокае, па-за фэстывалем. Некаторае ўяўленьне даюць экскурсіі па горадзе, яшчэ трохі -- кароткія самастойныя прагулкі позьнім вечарам, пасьля ўсяго, але галоўная крыніца інфармацыі – глыбоцкія людзі, якія прыходзяць на прагляды, і ў перапынках гатовыя распавядаць пра ўсё, што вас цікавіць. І пра мясьціны, якія варта наведаць, і пра вядомых людзей, якія нарадзіліся ў Глыбокім, і пра славутую “згушчонку”...

Марцінкевіч: Так, згушчонка, якую некалі ведаў увесь Савецкі Саюз, зь лягатыпам “Глыбоцкі малочна-кансэрвавы завод”, гэта наша, гэта ад нас не адымеш.

Сапач: Спадарыня Рэгіна Марцінкевіч – сталая і адданая прыхільніца “Магніфікату”. Ва ўсялякую вольную хвіліну прыходзіць у Дом культуры, глядзець кіно. І ў мінулым годзе, і ў пазамінулым.

Марцінкевіч: Ведаеце, што? У нас тут пачаў разьвівацца турыстычны бізнэс. На вёсцы ў нас пачалі з’яўляцца турыстычныя домікі, дзе можна спакойна адпачыць на прыродзе. Але – яшчэ толькі пачатак; разумееце, што значыць пачынаць? Але ўсё ў нас будзе.

Сапач: Такім чынам, свой фэстываль у Глыбокім – ёсьць, турызм – амаль што ёсьць, а чаго няма, дык гэта стадыёну, наракае мая суразмоўніца.

Марцінкевіч: У такім салідным горадзе, як Глыбокае, павінен быць свой стадыён.

-- Салідным?..

-- А як жа. Бо я тут жыву. Я тут нарадзілася, вырасла, сталела, старэла – усё тут.

Сапач: У “салідным” горадзе Глыбокім жыве недзе 20 тысячаў чалавек. Гэтая лічба застаецца нязьменнаю на працягу апошніх гадоў за кошт вяскоўцаў, якія становяцца глыбачанамі, і за кошт новае моды – заставацца глыбачанамі, нікуды адсюль не зьяжджаць.

Дыро: Працаваць у нас ёсьць дзе, мае сябры працуюць хто на мясакамбінаце, хто на малочна-кансэрвавым, хто на будоўлі; хтосьці побач са мной у культуры працуе, хтосьці ў адукацыі...

Сапач: Малады, урачыста ўбраны юнак у фае Дому культуры, -- Саша Дыро, яшчэ адзін адданы прыхільнік “Магніфікату”. Сёлета фестывальныя дні прыпалі якраз на Сашаву сэсію ў Віцебскім каледжы мастацтва

Дыро : У мінулым годзе я глядзеў усе фільмы на фэстывалі.

-- Якая-небудзь стужка асабліва запомнілася?

-- Стужка расейскага рэжысэра была... сутнасьць карціны – роздум жанчыны пра жыцьцё чалавека на зямлі.

-- І дзеля чаго ж мы жывём на зямлі?

-- У кожнага свой крыж.

-- А ў вас?

-- Мой крыж – культура, адраджэньне культуры.


Сапач: У Глыбокім, дзе нарадзіўся Ігнат Буйніцкі, дагэтуль няма свайго тэатру, і гэта няправільна, лічыць Саша Дыро. І што ж рабіць? Ясная рэч, заснаваць тэатр, ці – для пачатку – хаця б сабраць тэатральны гурток.

Дыро: Маёй дыплёмнай работай у каледжы была пастаноўка абраду засяваньня поля. Абрад страчаны, я працаваў два гады, зьбіраў матар’ялы, дапамагалі мне дзяды мае, бацька. Мяркую, што варта будзе гэты абрад тут паставіць, каб землякі ўспомнілі, ведалі. А пасьля буду ставіць Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, я перапрацаваў ужо для сцэны першую кнігу, буду ставіць на сцэне нашага Дому культуры.

Сапач: Да пачатку ўрачыстай цырымоніі закрыцьця фэстывалю пасьпяваю завязаць яшчэ адную размову.

Бабіч: Наколькі я ведаю, з майго класа, са школы, у Глыбокім засталося чалавекі якія 3-4.
Хто ў Менску, хто ў Магілёве, хто ўвогуле ва Ўкраіне недзе, 2 чалавекі ў ЗША, хто – дзе...

Сапач: Таня Бабіч пакінула роднае Глыбокае задоўга да таго, як тут усталявалася памянёная мной мода – заставацца тут, ці, прынамсі, сюды вяртацца. Дзяўчына аднойчы вырашыла, што вырасла з Глыбокага, як зь любімай сукенкі. Менск, Нарвэгія, цяпер Вільня, дзе яна вучыцца на мастацтвазнаўцу, – вось няпоўны пералік месцаў, зь якіх Таня ненадоўга сюды прыяжджае. Асабліва цешыцца, калі пабыўка прыпадае на зімовы час.



Бабіч: Зімою мне падабаецца хадзіць па вулачках, калі моцны мароз, усё пакрытае ільдом і сьнегам. Дым духмяны сьцелецца проста пад ногі, на туман падобны. Вось гэта для мяне – найвялікшая рамантыка. Кожнага разу, прыяжджаючы, заўважаеш нейкія зьмены. Шчыра кажучы, мне б хацелася чагосьці больш... пастаяннага: каб домікі заставаліся чырвонымі, напрыклад, а не зьмянялі колер – раптам! – на які-небудзь брутальна-зялёны.

-- А калі, пры якіх абставінах, у якім узросьце вы б вярнуліся сюды?

-- Я па натуры сваёй вандроўнік, мне цікава пабываць у розных месцах, пажыць у розных месцах. Але заўсёды цікава вяртацца...

Сапач: І вось, нарэшце, кульмінацыя кінафэсту, калі прагучаць імёны аўтараў-пераможцаў і назвы найлепшых фільмаў.

Гарулёў: Гран-пры фэстывалю прысуджаецца фільму Міхася Жданоўскага “Ува ўсе дні”!

Сапач: Прыз журы за найлепшую рэжысуру дастаецца “Вальсу” Віктара Асьлюка, “Айцец Сергій” атрымлівае спэцыяльную ўзнагароду Віцебскага аблвыканкаму, найлепшай хрысьціянскай тэлепраграмай абвяшчаецца беларуская Тэлевізійная служба добрых навінаў. Што ж, жыве беларускае дакумэнтальнае кіно!

Год праляціць хутка, зноў надыдзе час ладаваць валізу. Я скажу: “Кінафэстываль”, і не перапытвайце, які. Вядома, Глыбокае; вядома, што “Магніфікат”. Лепш папрасіце: а можна, і мы з табой?