Апазыцыянэрка вінаваціць міліцыянтаў у катаваньнях

Міліцыянты пацьвердзілі факт затрыманьня барысаўскай актывісткі дэмакратычнага руху Алесі Ясюк. Жанчына абвінавачвае супрацоўнікаў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску ў зьдзеках і катаваньнях.
6 ліпеня яе затрымалі на вуліцы Максіма Багдановіча з наклейкамі, на якіх было напісана “Байкот”. Алесю завезьлі ў дзяжурную частку, дзе трымалі 6 гадзінаў. Жанчыну разьдзявалі дагала і здымалі гэта на відэакамэру. Яна лічыць, што гэта было зроблена наўмысна, каб прынізіць яе годнасьць.

Алеся Ясюк распавяла Радыё Свабода, што пасьля затрыманьня была ў шокавым стане:

“Ноч ня спала... Выкурыла пачак цыгарэт...”

Спадарыня Ясюк прыгадала, як зь ёй абыходзіліся ў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску. Яна абвінавачвае сярод іншых маёра міліцыі Анатоля Шытыку, які працуе інспэктарам у дзяжурнай частцы:

“Лаяўся брудна, каб не пускалі мяне ў прыбіральню. Казаў, каб я схадзіла пад сябе і потым так пайшла па вуліцы... Потым прыйшлі людзі ў цывільным і сказалі, што я буду “адказваць па поўнай”. Казалі, што налепкі — гэта антыдзяржаўная дзейнасьць.
Схапіў крыжык, вырваў, потым акуляры, тэлефон вырваў...


Падбег, схапіў і падняў мяне за каўнер. Залез, схапіў крыжык, вырваў, потым акуляры, тэлефон вырваў. Ён у мяне на шыі вісеў, чахол парваўся... Гэта ўсё кідаў на стол, а адтуль усё валілася на падлогу... Другі ўсё гэта здымаў. Потым закрычалі: “Хутка жанчыну сюды! Няхай разьдзене яе дагала!”

Алеся Ясюк распавяла аб працэдуры разьдзяваньня:

“Яна пачала мяне разьдзяваць. Торс у мяне ўжо быў голы. Я папрасіла: “Мужчыны, выйдзіце”. А яны ўсё здымалі. Бюстгальтара ў мяне не было, а толькі майка... Зьняла яна зь мяне трусы і шкарпэткі... Я ўбачыла, што праз вакно камэра працавала”.

У міліцыі Алесі стала кепска:

“Потым я адзелася. Сядзіць гэты маёр, і — я. І так сядзелі яшчэ тры гадзіны. Потым у мяне ўжо пачынаецца “трасучка” ад цукровага дыябэту. 6 гадзінаў ня ела. Зайшлі двое ў форме і чырвоных бэрэтах. Я спытала: “Хлопцы, можа ў вас што ёсьць у кішэні пагрызьці — сушка ці цукерка...” Кажу ім, што ў мяне зараз пачнуцца нядобрыя рэчы. Яны яму сказалі, што з гэтым жартаваць нельга. І тады ён пайшоў шукаць кавалак хлеба. Потым ён патэлефанаваў кіраўніцтву, і яму сказалі мяне адпусьціць”.

Кіраўнік штабу дзяжурнай часткі Цэнтральнага РУУС Ігар Сталярчук лічыць, што ягоныя падначаленыя не парушылі нормаў закону.

“Я не прысутнічаў, але ў курсе справы. Дзяжурная частка выклікала дзяўчыну, супрацоўніцу сьледча-апэратыўнай групы. Яна яе агледзела як трэба. Мы ў яе яшчэ забралі каля сотні наклеек, схаваных у інтымных месцах. Пра што яшчэ можна казаць? Яна дастала са сваёй торбы валяр’янку і пігулак 20 улупіла. Ляжала і спала на лавачцы. Ніхто яе наагул не кранаў”.

Ігар Сталярчук не абвяргае таго, што працэдуру разьдзяваньня затрыманай жанчыны здымалі на відэакамэру:
Яна і на райаддзел бы наклеіла...


“Шытыка той жа казаў: “Ня ведаю, што зь ёй рабіць”. Я яму сказаў: “Выпускай, што ты зь ёй будзеш рабіць. Пратакол складзі за расклейваньне і выпускай”. А што? Яна б выйшла з райаддзелу і на райаддзел бы наклеіла.

Што, калі яна на нас паскардзіцца? У нас няма такой практыкі, каб у “ответку” скардзіцца. Хопіць таго, што на нас шмат скаргаў ідзе. Мы ведаем, што гэта такое, калі потым пачынаеш “адпісвацца”.

Кіраўнік штабу Ігар Сталярчук паведаміў, што відэаматэрыялы агляду Алесі Ясюк будуць захоўвацца столькі, колькі самі супрацоўнікі міліцыі палічаць патрэбным.

Алеся Ясюк апавяла “Свабодзе”, што будзе падаваць скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, хоць і лічыць, што вінаватых не пакараюць. Дагэтуль скаргі на злоўжываньні службовым становішчам супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненьні да дэмакратычных актывістаў ні разу не прыносілі плёну.