Рэха выбуху: ператрусы ў апазыцыі <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

У межах расьсьледаваньня справы пра выбух прайшоў ператрус у кватэры былой прэсавай сакратаркі Аляксандра Казуліна. Некаторых актывістаў дэмакратычнага руху ў рэгіёнах выклікалі ў міліцыю на размову.
У Менску 8 ліпеня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у кватэры Ніны Шыдлоўскай, якая была прэсавай сакратаркай Аляксандра Казуліна падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Карэспандэнт “Свабоды” дазваніўся да Ніны Шыдлоўскай, калі супрацоўнікі КДБ яшчэ не пакінулі яе кватэру:

“Мне патлумачылі, што ператрус праводзяць на падставе пастановы ў сувязі з завядзеньнем справы паводле выбуху ў ноч на 4 ліпеня. У гэтай кватэры жывем мы з мужам і ягоныя бацькі. Ператрус ужо праведзены, зараз мы чакаем прыезду майго мужа. Пасьля гэтага нас азнаёмяць з пратаколам і стане вядома пра тое, што забяруць з кватэры”.
Карэспандэнт: “А як вам патлумачылі, якое вы маеце да гэтага дачыненьне?”

“Сказалі, што, магчыма, могуць знайсьці нейкія рэчы ці яшчэ нешта, што наўпрост ці ўскосна можа быць зьвязана з выбухам”.

Карэспандэнт: “Гэта менавіта ваша асоба іх зацікавіла, ці вашага мужа, ці бацькоў?”

“У пратаколе стаіць прозьвішча майго мужа, Міраслава Лазоўскага”.

Ніна Шыдлоўская патлумачыла, што яе муж працуе ў камэрцыйнай фірме інжынэрам і ніколі ня меў дачыненьня да выбуховых рэчываў. Ператрус у кватэры Ніны Шыдлоўскай праводзілі чатыры супрацоўнікі КДБ. У прыватнасьці, двойчы кватэру абшукалі са службовым сабакам. У выніку з кватэры забралі 31 прадмет. Сярод іх — нататнікі, касэты, візытоўкі, налепкі, старыя газэты, фотаздымкі.





***

Сёньня ў Салігорску мясцовыя міліцыянты выклікалі на размову актывістаў Івана і Ільлю Шылу, а таксама Андруся Тычыну, Рыгора Астапеню, Крысціну Самойлаву і Аляксея Валабуева. Міліцыянтаў цікавіла, дзе актывісты былі ў ноч з 3 на 4 ліпеня. Паводле Івана Шылы, салігорская міліцыя выконвае загад зь Менску:

“Мяркую, ёсьць загад выкарыстаць выбух для запалохваньня і для легальных ператрусаў”.
8 ліпеня на размову ў міліцыю выклікалі таксама гомельскага актывіста Канстанціна Жукоўскага.

А як ідзе сьледзтва ў справе выбуху ў ноч на 4 ліпеня? Кіраўнік прэсавай службы МУС Канстанцін Шалькевіч не абверг зьвестак, што справа пра выбух ужо мае два тамы дакумэнтаў:

“Магчыма, ужо два тамы ёсьць. Шмат сьведак, і іх колькасьць павялічваецца. Людзі прыходзяць, прыносяць новыя фота і відэаздымкі, дапамагаюць”.

Міліцыянт адмовіўся камэнтаваць такія дзеяньні ў межах сьледзтва, як ператрусы ў кватэрах палітычных актывістаў і размовы зь імі ў міліцыі.

Паводле прэсавай службы МУС, сьледчую групу ўзначальвае першы намесьнік міністра — начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандар Шчурко, які раней кіраваў аб’яднаньнем “Ахова” пры МУС.