Сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч нядаўна сам перанёс такія ж зьдзекі, які і Алеся Ясюк. Яго некалькі разоў распраналі дагала ў турме на Акрэсьціна пасьля затрыманьня за акцыю 1 траўня ў Менску.
“Відаць распрананьне яны ўпадабалі... 1 траўня ўпершыню ў адміністрацыйнай турме мяне распраналі што называецца зусім... Што яны шукалі, невядома. Думаю, што гэта была спроба псыхалягічнага ціску. Пасьля суду мяне тры разы абшукалі, адзін раз да трусоў, а потым захацелі вывучыць усяго... Я й не такое бачыў, і параіў ім глядзець больш уважліва з усіх бакоў. Тады яны спыніліся... Але жанчына рэагуе відаць іначай”.
Паколькі “спэктаклі з распрананьнем” адбываліся ў розных установах: і ў турме на Акрэсьціна, і ў РУУС, Мікола Статкевіч мяркуе, што яны маюць нейкага адзінага рэжысэра ў вярхах:
“Такое ўражаньне што ўлада ўпэўнілася, што гэты ўзровень рэпрэсіяў не працуе, і трэба ўздымаць яго. Але павялічваць колькасьць палітвязьняў сабе даражэй. І таму спрабуюць дабаўляць псыхалягічныя катаваньні. Так што трэба чакаць працягу распрананьняў”.