У тэчках Беларускага Хэльсінскага камітэту шмат скаргаў грамадзян на грубае і бесчалавечнае абыходжаньне зь імі супрацоўнікаў міліцыі,-- паведаміў Свабодзе старшыня БХК Алег Гулак.
“Часам такія дзеяньні нават прыводзяць да цяжкіх наступстваў, сьмерці людзей. Вельмі складана ў такіх выпадках справу даводзіць за лягічнага завяршэньня. Мы не можам гэтыя заявы самі дасьледаваць, мы можам толькі апэляваць да праваахоўных органаў, пракуратуры, судоў, дапамагаем знайсьці адвакатаў, падключаем прэсу”.
Паводле Алега Гулака, звычайна міліцыя чыніць зьдзекі не ў адносінах да палітычных актывістаў, а асобаў, якія маюць нізкі сацыяльны статус – бамжоў, п’яніц, алькаголікаў.
“З такой катэгорыяй яны не цырымоняцца і можна паверыць у любыя жахі, якія робяць міліцыянты з такімі людзьмі, бо, на жаль, гэта вельмі часта аказваецца праўдай. У адносінах да палітактывістаў гэтая практыка ўсё ж такі даволі рэдкая”.
Выпадак з Алесяй Ясюк спадар Гулак лічыць парушэньнем заканадаўства і ўстаноўленых працэдураў дагляду.
“Гэта незаконныя дзеяньні работнікаў міліцыі. Гэта падпадае пад вызначэньне “бесчалавечнае абыходжаньне з затрыманымі” і мусіць быць пакарана”.
Аднак Алег Гулак ня ведае выпадкаў, калі міліцыянты былі пакараныя за бесчалавечнае абыходжаньне і катаваньні.
“Такія дзеяньні звычайна кваліфікавалі як злоўжываньне службовым становішчам, і падсудныя міліцыянты атрымлівалі ўмоўнае пазбаўленьне волі альбо кароткія тэрміны турмы. Але і такія выпадкі вельмі рэдкія. Сыстэма пакрывае сваіх супрацоўнікаў”.
Што рабіць, чалавек патрапіў пад зьдзекі і катаваньні ў міліцыі? Парады старшыні БХК Алега Гулака:
“Трэба шукаць сьведкаў, пісаць скаргі міліцэйскаму кіраўніцтву і пракуратуры, дамагацца разгляду гэтых спраў у судах. Калі ёсьць пабоі, то трэба браць у раённай пракуратуры накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу... Нават калі не пераможаш у канкрэтным выпадку, то гэта будзе моцным стрымліваючым фактарам на будучыню”.