“Найбольш небясьпечна, калі за злачынствы караюць невінаватых”

Грамадзкі рэдактар “Свабоды” на гэтым тыдні – генэрал-лейтэнант міліцыі, сьпікер Вярхоўнага Савету XII скліканьня Мечыслаў Грыб.
Невыпадкова мы зьвярнуліся да Мечыслава Іванавіча з прапановаю стаць грамадзкім рэдактарам гэтага тыдня. Выбух самаробнага прыстасаваньня падчас масавых гуляньняў у Менску ў ноч на 4 ліпеня, ад якога пацярпелі больш за паўсотні чалавек, спарадзіў мноства пытаньняў. У прыватнасьці, як уратаваць людзей ад маньякаў новага тысячагодзьдзя – тэрарыстаў?

На гэтым тыдні разам зь Мечыславам Грыбам мы паспрабуем раскрыць тэмы, якія агаліў выбух 4 ліпеня ў Менску, а яшчэ раней, у 2005-м, вынесьлі на парадак дня два выбухі ў Віцебску. Ці здольныя праваахоўчыя органы гарантаваць бясьпеку грамадзянам? Якіх дзеяньняў могуць чакаць ад уладаў людзі, якія сталіся міжвольнымі ахвярамі зламысьнікаў? З улікам свайго досьведу генэрал-лейтэнант Грыб дапаможа адказаць на гэтыя ды іншыя пытаньні.

Што да начнога выбуху ў Менску падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці, то Мечыслаў Грыб трымаецца адменнай ад афіцыйнай пазыцыі. На ягоную думку, тут мы маем дачыненьне ня проста з хуліганствам – у гэтым выпадку відавочныя праявы тэрарыстычнага акту. І вытокі цяперашняга злачынства, на перакананьне Грыба, паходзяць з аналягічных выбухаў трохгадовай даўнасьці ў Віцебску. Пра гэта грамадзкі рэдактар тыдня сказаў у інтэрвію Радыё Свабода:

“Гэта занадта маштабнае злачынства, каб яго можна было трактаваць як хуліганства. Гэта нешта падобнае да тэрарыстычнага акту.

Калі адно аналягічнае злачынства застаецца нераскрытым, тады можна чакаць іншага. І найбольш небясьпечна, калі за гэтыя злачынствы затрымліваюць і прыцягваюць да адказнасьці невінаватых людзей. Гэта разьвязвае рукі сапраўдным злачынцам, якія лічаць сябе беспакаранымі.

Каго абвінавацяць – цяжка прадказваць. Але будуць шукаць у тым ліку і сярод апазыцыі. Мяркую, што празь непрацяглы час усё ж гэтую справу будуць кваліфікаваць як тэракт, а калі знойдуць нейкае дачыненьне да апазыцыі, то ўжо ўсім паратунку ня будзе”.

***

Мечыслаў Грыб сёлета адзначыць 70-гадовы юбілей. Нарадзіўся 28 верасьня 1938 году ў вёсцы Савічы Дзятлаўскга раёну на Гарадзеншчыне. Закончыў Львоўскую пажарна-тэхнічную вучэльню і юрыдычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту. Міліцэйскую кар’еру пачаў на Віцебшчыне.

На пачатку 1980-х быў прызначаны начальнікам упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму. У студзеня 1985-га ўзначаліў апэратыўна-сьледчую групу для раскрыцьця забойстваў жанчын, што здарыліся на тэрыторыі Віцебскай вобласьці ў папярэднія 15 гадоў. У лістападзе 1985-га ўдалося затрымаць маньяка – нараджэнца Мёрскага раёну Генадзя Міхасевіча, які прызнаўся ў забойстве 43 жанчын. У часе сьледзтва групаю Грыба таксама было выяўлена: па “віцебскай справе” незаконна асуджаныя 13 чалавек, адзін зь іх расстраляны. Такім чынам былі адкрытыя нэгатыўныя бакі беларускага судаводзтва тых гадоў.

У 1993 годзе па выніках агульных заслуг Мечыслаў Грыб першы ў Беларусі быў прадстаўлены да годнасьці “генэрал-лейтэнант міліцыі”. Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь.

Вылучаўся дэпутатам розных узроўняў. З 1990-га – дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі. Старшыня Вярхоўнага Савету XII скліканьня. Пад старшыняваньнем Мечыслава Грыба 15 сакавіка 1994 году беларускі парлямэнт прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Ад пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году – у кіроўчым штабе тагачаснага кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна.