З нагоды дзяржаўнага сьвята адбыўся вайсковы парад і народнае гуляньне, канцэрты выканаўцаў беларускай і расейскай эстрады. А позна ўвечары — сьвяточны фэервэрк. Ці можна падлічыць, колькі каштуе сёньняшняе сьвята?
Яшчэ раніцай 3 ліпеня на паркавых пляцоўках, каля рынкаў пачаліся канцэрты творчых калектываў. Побач — шапікі з імправізаванымі кухнямі. Гандляркі прапаноўвалі мінакам гарэлку шашлык, бутэрброды ды кавалкі піцы. Пасьля абеду ў горадзе можна было бачыць моладзь нападпітку. Пра тое, што ў цэнтры гораду адбываецца так званае масавае гуляньне, сьведчыў і плястыкавы посуд, раскіданы там і сям на газонах уздоўж тратуару. Афіцыйных зьвестак, колькі грошай пойдзе на тое, каб прыбраць сьмецьце пасьля ўрачыстага сьвяткаваньня, няма.
У свой час гарадзкія ўлады падлічылі, што “Эўрапейскі марш” ад Кастрычніцкай плошчы да будынку Акадэміі Навук абышоўся бюджэту ў 9 мільёнаў рублёў. Арганізатары абскардзілі гэтую суму пазову ў вышэйшых інстанцыях і атрымалі адказ, што сума налічана аб’ектыўна.
Адзін з арганізатараў “Эўрапейскага маршу” Віктар Івашкевіч паспрабаваў падлічыць, колькі будзе каштаваць камунальнікам сёньняшняе сьвята:
“Дзевяць мільёнаў штрафу. Пры тым, што мы не рабілі ніякіх канцэртаў, не прадавалі гарэлку, не раскідалі шклянкі і г.д. Таму я думаю, што кошт таго сьвята, якое арганізоўваюць улады, як мінімум у сто, а то й у 1000 разоў большы”.
Вайсковы парад абышоўся сёньня без дэманстрацыі вайсковай тэхнікі. Былы міністар абароны Павал Казлоўскі мяркуе, што падлічыць, колькі грошай каштавала падрыхтоўка і сам парад вайскоўцаў, немагчыма.
“З аднаго боку падаецца, што ўсё задарма: салдат служыць у войску, трэніруецца, займаецца страявой падрыхтоўкай, але ён не займаецца прафэсійнай падрыхтоўкай — не страляе на палігоне, ня водзіць бронемашыну на вучэбным полі. Ідзе падрыхтоўка да параду.
Трэба новую амуніцыю выдаць кожнаму салдату. Усё гэта каштуе грошай. Якіх? Ніколі не падлічвалі. Будзе сьпісана за кошт войскаў, за кошт тых падразьдзяленьняў, якія ўдзельнічалі. Яны ня змогуць набыць тое, што ім неабходна для вайсковай падрыхтоўкі, для быту, а папросту грошы пойдуць на гэтую справу”.
Фэервэрк, які адбудзецца позна ўвечары, дадатковыя аўтобусы на праспэкце Незалежнасьці, сьцягі на кожным слупе каля аўтадарог, дадатковыя выхады мэдыкаў на працу, каб памагаць параненым і п’яным, узмоцненае патруляваньне міліцыянтаў усіх дзевяці ўпраўленьняў міліцыі, канцэрты, пункты харчаваньня і г.д. — колькі на гэта пайшло бюджэтных грошай, невядома. Беларускія ўлады ня маюць традыцыі, як гэта робіцца ў краінах Заходняй Эўропы, даваць падаткаплатнікам падрабязную справаздачу пра тое, колькі фінансавых сродкаў пайшло на тое ці іншае мерапрыемства.