Зь бібліятэкай прэзыдэнта падставілі

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 ліпеня, чацьвер.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


3 ліпеня, у чарговую гадавіну вызваленьня Менску ад нацыстаў, у Беларусі адзначаецца Дзень незалежнасьці. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Спадар, Маладэчна: “Хочацца выказацца наконт закліку, які гучаў па радыё да дня Незалежнасьці: калі ты ганарысься сваёю краінай, прычапі на адзеньне, машыну і г.д. чырвона-зялёную стужку. Краінаю я ганаруся, а вось да ўлады стаўлюся зь недаверам, і да адзеньня больш падыдзе іншая каляровая гама: бел-чырвона-белая”.

Спадарыня: “Якое гэта сьвята — Дзень незалежнасьці? Мы не незалежныя, мы акупаваныя бальшавікамі. Хай вернуць нам нашы гістарычныя помнікі, а помнікі Сталіну, лінію Сталіна зьнясуць”.

Спадар Віктар: “Хачу выказаць меркаваньне. Вось сьвята. Мяне цікавіць, хто аплаціў міліцыю, хуткую дапамогу і іншыя выдаткі?”

На пытаньне адказвае намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“У Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі адрадзілася традыцыя сталінска-брэжнеўскіх псэўдасьвятаў. Яны страшэнна дарагія. Частку людзей на іх зганяюць для масавасьці, ну а частка, якая ня мае ні высокага культурнага роўню, ні роўню запатрабаваньняў да правядзеньня свайго вольнага часу, прыходзіць на гэтыя відовішчы. Я думаю, што ва ўмовах бюджэтнай празрыстасьці, ва ўмовах справаздачнасьці цэнтральных і мясцовых уладаў ніводная адказная ўлада перад абліччам крызісу такую раскошу, такое марнатраўства сабе б ніколі не дазволіла”.

Будынак былой Нацыянальнай бібліятэкі плянуецца да разбурэньня, а на ягоным месцы хочуць узьвесьці новыя адміністрацыйныя ўстановы. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Спадар Міхаіл Леках, Рыга, доктар тэхнічных навук: “Сёньня я пачуў у перадачы беларускай службы Радыё Свабода аб тым, што рыхтуецца знос Беларускай Нацыянальнай бібліятэкі старога ўзору. Я лічу, што нельга зьнішчаць цудоўны помнік канструктывізму першай паловы 20 стагодзьдзя. Такіх будынкаў у нас няшмат: бібліятэка, Дом ураду і некаторыя іншыя. Прычым гэтыя будынкі захаваліся падчас вайны, што зьяўляецца немалаважным. Таму я лічу, безумоўна, трэба нешта рабіць. І я хацеў бы зьвярнуцца, карыстаючыся выпадкам, да беларускіх знакамітых пісьменьнікаў: Г. Бураўкіна і інш. з просьбай напісаць і зьмясьціць у друку адкрыты ліст-зварот да прэзыдэнта. Я мяркую, што чыноўнікі яго проста “падставілі”, не растлумачыўшы ўсёй сытуацыі. Прэзыдэнт таксама ня можа ўсяго ведаць”.

Спадарыня Ларыса, Менск: “Пасьля вайны ў Менску былі зьнішчаны амаль усе будынкі, але некаторыя засталіся, у тым ліку бібліятэка, Дом афіцэраў і інш. Таму бібліятэку рушыць ня трэба, хай стаіць як помнік савецкаму часу. Рэканструкцыю ўнутраных памяшканьняў можна зрабіць, дзе могуць праводзіцца сходы. Трэба эканоміць грошы”.

Працягваем праграму наступным выказваньнем:

Спадар Ільля Копыл: “Беларуская ўлада і прэзыдэнт, чыноўнікі і дэпутаты ў апошні час усё часьцей заяўляюць, што НАТО каля нашай мяжы, ворагі зьлева, ворагі справа, ідзе запалохваньне насельніцтва. Я не разумею, чаго ўлада так палохаецца? У нас пабудаваны такі бастыён, такі фарпост, як Лінія Сталіна, там можна доўга трымаць абарону, каб ворага не падпусьціць да Масквы. Зараз там штодзённа ідуць трэніроўкі. У НАТО такіх умацаваньняў няма. Трэба ўсё рабіць, каб яны ня скралі чарцяжы”.