Убель — Азёрны: “Фальварак ніхто будаваць ня будзе па новай” <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

Азёрны, Чэрвеньскі раён. Эфір 1 ліпеня.
5 траўня 1819 году ў маёнтку Убель, што на Ігуменшчыне, нарадзіўся Станіслаў Манюшка. Праз 150 гадоў у пасёлку Азёрным, які мяжуе з колішняй сядзібай, у школе быў створаны музэй кампазытара. Дарэчы, адзіны ў сьвеце музэй Манюшкі. Чым і як жыве сёньня радзіма аўтара першай нацыянальнай опэры?

Я даўно хацеў зьезьдзіць у музэй Станіслава Манюшкі ў пасёлак Азёрны. І быў прыемна ўражаны ўжо самой дарогай. Ваколіцы Азёрнага, напэўна, самыя жывапісныя мясьціны на ўсёй Ігуменшчыне. Лясы, празь якія цячэ рака Волма, чаргуюцца зь вялікімі азёрамі і сажалкамі. Жывапісныя вёскі, карпусы санаторыяў, дзіцячыя лягеры.

Музэй месьціцца ў школе. У двухпавярховым, мураваным сталінскім будынку. У школьным садзе я засьпеў некалькі сумных настаўнікаў, зьлёгку падшафэ. Гісторык Васіль Васілевіч працягнуў мне цыгарэту.


Карэспандэнт: “Як жывецца ў Азёрным?”

Васіль: “Учора закрылі школу”.

Карэспандэнт: “Нармальна...”

Васіль: “Мне так. У 60 гадоў. А настаўнікаў — каго куды”.

Карэспандэнт: “Адпачынак жа”.

Васіль: “Не, увогуле закрылі школу. Усе пайшлі на фронт”.

Карэспандэнт: “Такі капітальны будынак”.

Васіль: “Калі б у мяне былі грошы, дык я б выкупіў ды зрабіў бы гасьцініцу, кафэ арганізаваў бы”.

Карэспандэнт: “А што людзі кажуць, настаўнікі?”

Васіль: “Настаўнікі зараз — людзі паднявольныя. Альбо едзь за 30 кілямэтраў працаваць, альбо пішы заяву на звальненьне”.

У Азёрным засталося толькі 34 вучні. Спадару Васілю сапраўды пашанцавала. Бо ён пасьпеў дацягнуць да пэнсіі. А вось што рабіць астатнім? І такая карціна для краіны тыповая. Толькі ў Чэрвеньскім раёне закрываецца штогод дзьве-тры школы. З такімі тэмпамі настаўніцтва хутка стане самай неабароненай групай насельніцтва. Вось настаўніца матэматыкі грузіць падручнікі і кнігі ў свой “фольксваген”.


Карэспаннт: “Прабачце за нясьціплае пытаньне. Аўтамабіль з настаўніцкай зарплаты?”

Людміла: “Аўтамабіль куплены на сродкі мае і мужа. І гаспадарку трымалі. Дзьве каровы трымалі гадоў 15. Ад адной каровы месячная зарплата настаўніка. Пры Савецкім Саюзе буханка хлеба каштавала 20 капеек, а літар малака — 34. У нас прымалі. Па вёсцы ішла машына, зьбірала малако. Але час зьмяніўся. Было 120 кароў, засталося 14”.


Музэй Манюшкі хоць і месьціцца ў школьным будынку, але мае свой асобны ўваход. Загадвае музэем навуковы супрацоўнік Ірына Серада. Шчыра кажучы, я баяўся ўбачыць бедны школьны краязнаўчы музэйчык з партызанскімі сьцягамі і этнаграфіяй, з кутком, прысьвечаным кампазытару. Але не. Музэй у Азёрным выглядае нават багата. Вядома, арыгінальных экспанатаў тут няма. Але наведнік мае чаму падзівіцца. Эпоха Манюшкі прадстаўлена рэпрадукцыямі, фотаздымкамі, афішамі, клявірамі. А тэатральнасьці і таямнічасьці дадаюць тэатральныя строі з манюшкавых опэраў, ласкава перададзеныя музэю Варшаўскім Велькім тэатрам.


Ірына: “Спачатку палякі знайшлі гэтае месца, Убель. Бо яно зьнікла пасьля сорак чацьвёртага году. У нас ёсьць вёска Убель і фальварак Убель. Таму блытаюць, дзе той Убель. Фальварак Убель згарэў, таму ніхто ня ведаў, дзе ён знаходзіцца. Калі па старых мапах знайшлі гэтае месца, то пасьля гэтага пачалося зьбіраньне матэрыялу ў школе. І займаўся гэтым дырэктар. Несьцяровіч Васіль Васілевіч”.

Карэспандэнт: “Чым вы найбольш ганарыцеся?”

Ірына: “Калі браць з экспанатаў, то сапраўдных, датычных Станіслава Манюшкі, няма нічога. Не захавалася на Беларусі. А ў асноўны фонд уваходзяць строі, кружэлкі, ноты. Малюнкі ўсе — гэта копіі. На жаль. Таму што апошнія гады ён жыў і працаваў у Варшаве. І ўсе ягоныя рэчы, ноты, запісы, усё гэта засталося там”.

Карэспандэнт: “Магу вам падказаць ідэю”.

Ірына: “Падкажыце”.

Карэспандэнт: “Калі чалавек сюды заходзіць, уключаць музыку Манюшкі”.

Ірына: “Яна заўжды ўключана. Зараз уключым”.

Карэспандэнт: “Я са сваім ноў-хаў...”

Ірына: “Вы са сваім ноў-хаў даўно ў пралёце. Колькі існуе музэй, кружэлкі прайгравалі, а зараз абзавяліся кампутарам”.

Пад урачысты Манюшкаў “Рэквіем” размова прыняла невясёлы абарот.

Ірына: “Якім чынам у нас з музэем атрымаецца, невядома. Мы сядзім, як на мінным полі. Што з музэем будзе? Таму што забіраць яго з гэтага месца ў Чэрвень, тады Убель зьнікне. Музэй павінен быць там, дзе нарадзіўся кампазытар. У нас рыбхоз “Волма” таксама вока паклаў. Можа, пад гатэль. Будынак застанецца. Але хто будзе ўласьнікам, пакуль што невядома”.

Я ўжо бачыў адноўленыя з нуля сядзібы Касьцюшкі ў Косаве ці Міцкевіча ў Завосьсі. І чаму б не аднавіць фальварак Манюшкі? Тым больш — Напалеон Орда пакінуў выдатны малюнак.


Ірына: “Фальварак ніхто будаваць ня будзе па новай. Сродкаў няма. Нясьвіж зь Мірам ніяк у нас ня справяцца”.

Карэспандэнт: “А якая была б ідэя!”

Ірына: “А ідэя была. Нават былі археалягічныя раскопкі, была дакумэнтацыя распрацаваная. А ўсё ўпіраецца ў сродкі. Хаця ну які там дом? Гэта ж ня замак”.

Карэспандэнт: “Аднапавярховы, драўляны...”

Ірына: “З мэзанінам фальварак, так. Тыповы для 19-га стагодзьдзя. Меркавалася, што будзе, як у Шапэна ў Жэлязовай Волі. Там фэстывалі манюшкаўскія”.

Карэспандэнт: “Шыкоўная ідэя”.

Ірына: “Шыкоўная. Але грошай не хапіла на гэту ідэю”.

Жыве пасёлак Азёрны з рыбы. Тут адзін з найбуйнейшых беларускіх рыбгасаў — “Волма”. Па словах яго дырэктара, Аляксандра Кулікоўскага, справы ў гаспадарцы някепскія.


Кулікоўскі: “Строга, асётар пакуль яшчэ не ў вялікіх памерах, але разводзім. Летась 1200 тон таварнай рыбы вырашчана. Мы ўжо дасягнулі аб’ёмаў савецкіх часоў”.

Карэспандэнт: “А як зрабіць так, каб заробкі расьлі?”

Кулікоўскі: “Калі сэрца жыве альбо ў мінулым, альбо ў будучыні, дык цяпершчына сумная. На нашым прадпрыемстве сярэдні заробак за мінулы год — 700 тысяч. Для вёскі гэта нямала. Няпроста. Зараз больш трэба круціцца і людзям, і кіраўніцтву. Сказаць, што мы горш жывем, я не магу. Складаней? Так.

Чамусьці не заўсёды словы начальства супадаюць з ацэнкамі рабочых. Я прагуляўся па гаспадарцы з рыбаводам Мішам. Ніколі ня бачыў, каб вада літаральна кіпела каштоўнай стронгай.


Карэспандэнт: “Гэта яна жыве ў такіх вось вадаёмах?

Рыбгасьнік: “Так. Там вада пампуецца”.

Карэспандэнт: “А гэта нейкая спэцыяльная вада?”

Рыбгасьнік: “Гэта сьвідравіна. Колькі грошай пайшло!”

Як забраны рай, Міша ўзгадвае часы Саюзу.

Рыбгасьнік: “Па 200—250 зарплата выхадзіла. Раней кожны трымаў парасё, курыцу, Цяпер гэтага няма”.

Міша паказвае мне разьліковы дакумэнт.

Рыбгасьнік: “Адпрацаваў 27 рабочых дзён і атрымаў 495 тысяч. Я лічу, слабенька”.

Карэспандэнт: “А яны кормяць нейкімі абяцанкамі? Пра сярэдні беларускі заробак?”

Рыбгасьнік: “Звальняйся, ніхто не трымае. Хто ты такі?” Адзін хлопец са мной размаўляў. Людзі, кажа, хутка за зброю возьмуцца. Колькі можна? Начальства жыруе. Сюды ж прыяжджаюць адпачываць генэралы. Простаму ж нельга. Не паложана”.


Калі будзеце ў ваколіцах Азёрнага, дык зьезьдзіце да санаторыя “Волма”. Там вам кожны падкажа месца, дзе калісь стаяла сядзіба Манюшкаў. На задворках санаторыя паставілі стэлу, надпіс на якой кажа, што тут нарадзіўся вялікі польскі кампазытар. А за два крокі ад стэлы — шыкоўная паляна, якая так і просіцца пад годнае ўвекавечаньне слаўнага беларускага імя. У 2019 годзе кампазытару споўніцца 200 гадоў. Можа, да таго часу мы нарэшце дабудуем усе лядовыя палацы і аграгарадкі? І нешта застанецца на культуру?