Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 2 ліпеня, сераду.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў ў Беларусі і сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Сёньня некалькі тэлефанаваньняў прысьвечана цэнтралізаванаму тэставаньню.
“Я лічу, што складаныя тэсты ня з той прычыны, што кажуць, быццам яны складаныя для вучняў, а, мабыць, таму, што ў нас не хапае рабочага люду. Толькі на будоўлях Менску не хапае амаль чатыры тысячы працоўных. Можа, у гэтым прычына?”
“Толькі што паслухаў зьвесткі пра тэставаньне абітурыентаў, што яны паказалі недастатковыя веды. Але мне незразумела, для чаго арганізатарам тэставаньня пытаньні-пасткі? Разумна, каб пытаньні былі ў межах навучальнай праграмы. Ня трэба адзіны экзамэн пераўтвараць у забаўляльную віктарыну”.
Усе тэсты складзеныя ў адпаведнасьці са школьнымі праграмамі
Чаму тэсты былі надзвычай складанымі? На пытаньне адказвае супрацоўніца Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў:
“Складанасьць — паняцьце адноснае. Калі ў абітурыента добрыя веды — ён атрымлівае 100 балаў, калі крыху слабейшыя — 99 і ніжэй. Гэта конкурс, гэта ранжыраваньне студэнтаў, гэта ўступная кампанія”.
Карэспандэнтка: “А чаму былі пытаньні-пасткі, пытаньні, якіх не было ў школьнай праграме?”
“Ніякіх пытаньняў-пастак не было. Усе тэсты складзеныя ў адпаведнасьці са школьнымі праграмамі. Пытаньняў-пастак няма. Калі абітурыенты прад’яўляюць прэтэнзіі наконт неадпаведнасьцяў з праграмамі, мы канкрэтна кажам: старонка такая, падручнік такі. Паступаюць мацнейшыя на бюджэт. Астатнія застаюцца...”
Працягваем праграму “Званкі на Свабоду”. Наступнае тэлефанаваньне — пра выбар пляцоўкі пад будаўніцтва АЭС.
“Лукашэнка замітусіўся з пабудовай другога Чарнобыля і падганяе навукоўцаў з ажыцьцяўленьнем сваёй авантуры. А тыя ня хочуць браць на сябе адказнасьць у вызначэньні будаўнічай пляцоўкі”.
Гэтае тэлефанаваньне слухача камэнтуе памочнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Забароўскі:
“Ёсьць пазыцыя ня толькі навукоўцаў, але і пазыцыя адмысловай рабочай групы, якая разглядала ўсе фактары, якія могуць паўплываць на разьмяшчэньне беларускай атамнай станцыі. Быў праведзены параўнальны аналіз, ёсьць герархія, ёсьць плюсы і мінусы па пляцоўках. Само абгрунтаваньне з улікам усіх гэтых фактараў плянуецца абвясьціць пасьля паседжаньня камісіі Саўміну. Кіраўнік камісіі — віцэ-прэм'ер Уладзімер Ільіч Сямашка. І пасьля гэтага будзе ўжо вынесены канкрэтны вэрдыкт. Канчатковае рашэньне будзе прымаць Рада бясьпекі”.
Мяркуецца, што рашэньне па выбары пляцоўкі пад АЭС будзе прынятае да канца гэтага году.
Працягваем праграму. Слухачы “Свабоды” занепакоеныя лёсам беларускай мовы, новымі правіламі артаграфіі. Мяркуецца, што новы закон уступіць у сілу зь верасьня 2010 году:
“Зноў павісла пагроза над нашай мовай! Тыя, хто яе ненавідзіць і не размаўляе на ёй, мяняюць артаграфію і пунктуацыю. Колішні расейскі дзеяч Мураўеў, які атрымаў мянушку “вешальнік”, казаў: “Што не зрабіў штык зь беларускай мовай, тое даробіць пяро”. Вось і зьнішчаюць нашу мову пяром. Так і хочацца ім сказаць словамі Янкі Купалы: “Чаго вам хочацца, панове? Які вас выклікаў прымус забіць трывогу аб той мове, якой азваўся беларус?” Міхась зь вескі Карпілаўка”.
На званок слухача адказвае лінгвіст Зьміцер Саўка:
“Падзяляю занепакоенасьць спадара Міхася зь вёскі Карпілаўка. Аднак зьмены не настолькі істотныя, яны закранаюць усё ж такі толькі сфэру артаграфіі. Людзі малапісьменныя, прызнацца, і не заўважаць гэтых зьменаў. Па вялікім рахунку, гутаркі пра зьмену лексыкі, зьмену граматыкі не вядзецца. Я думаю, гэта лішняя нагода для нас, калі мы ўжо ня можам зьмяніць сытуацыю, задумацца над тым, што мова складаецца ня толькі з артаграфіі, але і зь іншых узроўняў, і сканцэнтраваць сваю ўвагу менавіта на іх. Карыстайцеся спрадвечнымі беларускімі словамі, менш русізмаў у граматыцы, менш русізмаў у лексыцы. Так мы адстаім сваю мову”.