Сацыёляг, экс-міністар працы Аляксандар Сасноў мяркуе, што значная частка стыхійных выступленьняў грамадзян зьвязана з тым, што ў краіне няма мэханізму ўліку думкі звычайных людзей.
“Толькі думкі чыноўнікаў, толькі думка атачэньня, хаўрусьнікаў і паплечнікаў Лукашэнкі. А што думаюць людзі, нікога не цікавіць”.
На думку спадара Саснова, рэакцыя ўладаў на спантанныя пратэсты грамадзян пераважна грубая:
“Калі выступоўцаў мала, улады правакуюць, саджаюць, штрафуюць,— робяць, як звычайна, як яны прывыклі. А калі б выступоўцаў было шмат, то тады ўлады пайшлі б на нейкія саступкі. Іншага няма. Нашая ўлада зь людзьмі ні ў якім разе і ніколі не лічылася”.
Пратэстны патэнцыял у беларускім грамадзтве расьце, сьведчыць сацыёляг Аляксандар Сасноў. З 2006 году рэйтынг А. Лукашэнкі ўпаў больш як на 20 працэнтных пунктаў — з 60 да 38 адсоткаў. Давер да мясцовых уладаў яшчэ меншы, чым да Лукашэнкі, — зазначае А. Сасноў.
Ён мяркуе, што цяпер, у часе выбарчай кампаніі, улады могуць пайсьці на пэўныя саступкі, каб падкупіць электарат перад галасаваньнем, каб ацішыць жарсьці ў грамадзтве, але па выбарах яны вернуцца да ранейшай практыкі.