Міліцыянты ўзялі паказаньні ва ўдзельніцы пратэсту супраць будаўніцтва на вуліцы Гамарніка Ніны Нарубай у апорным пункце на Гамарніка,14 і адпусьцілі.
“А 8-й гадзіне я падышла да будаўнічай пляцоўкі. Там яшчэ стаяла жанчына таксама з нашага дома. Падбеглі гэтыя шакалы з будаўнічай пляцоўкі і пачалі нас праганяць. Я сказала, а ў чым справа, што я ня маю права стаяць? Я закон не парушаю. А потым яны кінуліся да маёй суседкі і пачалі яе штурхаць у бок. Потым яны падбеглі да мяне, пачалі мяне абзываць нецэнзурнымі словамі.Потым яны падышлі да маёй суседкі і працягнулі яе ў другі бок. Калі прыехаў кран я стала насупраць крану. Міліцыя прыехала раз, потым другі, трэці раз. Потым прыйшоў наш участковы з Гамарніка,14, іх было 4 чалавекі, міліцыянты мяне паднялі на рукі.Яны мяне давялі да машыны, але я сказала, што нікуды не паеду. Тады яны мяне прывялі ў апорны пункт і зрабілі тут допыт”, - кажа Ніна Нарубай.
Жыхарка дома па вуліцы Гамарніка Натальля апавяла, што вяла назіраньне за сытуацыяй на пляцоўцы ўсю ноч:
“У іх не маглі разьвярнуцца машыны і яны пачалі заяжджаць на тратуар. І мы выстраіліся на тратуары перад машынамі. І потым пачалі падыходзіць іншыя жыхары. Два будаўнікі пачалі на мяне кідацца, заломвалі рукі, штурхалі, абражалі, крычалі, што я алькагалічка. Яны мне паламалі пазногці і пайшла кроў. Яны, канечне, спалохаліся”.