Франак Вячорка: “Усё было падобна на суцэльны фарс”

Франак Вячорка паведаміў, што суд мусіць пачацца а 16 гадзіне.

“Мы ўжо мелі папярэднюю гутарку з судзьдзёй і прадстаўнікамі ўнівэрсытэту. Яны настроеныя адказаць на маю скаргу аргумэнтамі, маўляў, я кепска вучыўся, працэдура не была парушана. Я зьбіраюся даказаць, што адзнакі пастаўленыя ад імя камісіяў былі несправядлівыя, неаб’ектыўныя. А па-другое, была парушана працэдура, у мяне не было магчымасьці пераздаць абодва іспыты.”

Франак Вячорка будзе патрабаваць праз суд свайго аднаўленьня на вучобе:

“Адпаведна вяртаньня адтэрміноўкі ад войска і права на бясплатную адукацыю. Бо аднаўленьне па статуце БДУ ў выпадку адлічэньня за непасьпяховасьць прадугледжвае вяртаньне на той самы курс і на платнае аддзяленьне, што мне катэгарычна не падыходзіць”.

Паводле Франака Вячоркі, насамрэч адлічэньне было выкліканае тым, што ён стаў занадта няўгодным кіраўніцтву ўнівэрсытэта і міністэрства адукацыі:

“Яно прымала непасрэдны ўдзел у маім адлічэньні і ўся працэдура, якая пачалася пад час майго 15-суткавага арышту і да дня майго адлічэньня 15 лютага – яна ўся была падобна на суцэльны фарс. Калі ніхто ні за што ня быў адказным, ніхто ні пра што ня ведаў і ў той жа час усе рабілі сваю брудную справу”.