20-гадовая актывістка “Маладога фронту” Кася Салаўёва хоча абраць такую форму навучаньня, каб застацца ў Беларусі. У сьнежні мінулага году дзяўчыну з палітычных матываў адлічылі з другога курсу гісторыка-філялягічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Арганізацыя “Малады Фронт” зьвярнулася да ўнівэрсытэтаў Украіны, Літвы, Польшчы й іншых краін з просьбай дапамагчы атрымаць вышэйшую адукацыю Касі Салаўёвай. Працягнуць навучаньне ў беларускіх ВНУ яна ня мае магчымасьці. Кася Салаўёва згадвае, што яе выключылі нібыта “за акадэмічную непасьпяховасьць”:
“Усё пачалося яшчэ ўвосень пасьля майго першага затрыманьня. Мяне выклікалі да прарэктара, і прарэктар са мной вельмі жорстка размаўляў. Ён сказаў: давай так — альбо ты будзеш працягваць вучыцца і мы забываемся пра гэтыя затрыманьні. Альбо, ты сама ведаеш, нам такія настаўніцы не патрэбны, чаму ты навучыш нашых дзяцей, як там са сьцягамі бегаць? Маўляў, такія актыўныя студэнты нам не патрэбны, бо ў нас у саміх будуць праблемы. Але я сказала, што мае прынцыпы — гэта важней за ўсё”.
Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” прапанаваў Касі магчымасьць навучацца па праграме імя Кастуся Каліноўскага. Аднак Кася адмаўляецца ехаць на стацыянарнае навучаньне за мяжу. На гэты момант яна так акрэсьлівае свае пляны:
“Я ўсё ж хачу паступіць не на дзённую форму навучаньня, а на завочную. Альбо ў Расею, мне проста блізка езьдзіць. У Смаленскі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Пакуль што я ня вырашыла, што рабіць далей. Бо тая спэцыяльнасьць, якая мяне цікавіць, не ва ўсіх унівэрсытэтах ёсьць, тым больш завочна. Я цікаўлюся толькі псыхалёгіяй альбо ангельскай філялёгіяй. І на нейкія астатнія спэцыяльнасьці я проста не хачу паступаць”.
Бацькі Касі Салаўёвай кажуць, што яна сама мае вырашаць. Хоць яны ня супраць навучаньня дачкі ў Польшчы, каб ёй было зручней і лепш. Але Кася хоча заставацца ў Беларусі:
“Бо нельга быць па-за справамі. Трэба быць тут, з народам, дапамагаць і інфармаваць яго. І псыхалягічна я проста не змагу, я ўсё роўна зьеду праз тыдзень адтуль. Я проста не змагу быць дзесьці там. Беларусу зьяжджаць зь Беларусі — мне ня хочацца, прынамсі. Я даўно ўжо тут жыву. Я думаю, тут нам людзі патрэбны — менавіта якія прагнуць адраджэньня культуры, мовы. Якія прагнуць інфармаваньня насельніцтва ў розных кірунках. Калі ўсе зьедуць за мяжу нават і па адукацыю, гэта мінімум 4—5 гадоў, то тут проста нікога не застанецца”.
Супраць маладафронтаўкі Касі Салаўёвай былі распачатыя тры крымінальныя справы. За дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі Кася Салаўёва была аштрафавана.