Міністэрства ўнутраных справаў будзе хадайнічаць аб чарговай амністыі, прымеркаванай да ўгодкаў вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чаму ў Беларусі амністыі сталі такой частай зьявай? Чаму пры падрыхтоўцы новага вызваленьня асуджаных акцэнтуецца ўвага на пагашэньні імі фінансавых абавязкаў перад дзяржавай?
На пытаньні Свабоды адказвае генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб.
Глод: “Да ініцыятывы міністра Навумава грамадзтва паставілася надзвычай спакойна. Падобна, амністыя стала для сучаснай Беларусі звычайнай зьявай?”
Грыб: “За дробныя, малазначныя злачынствы ня трэба садзіць людзей у турму. Тады ня будзе такой патрэбы, каб два разы на год хадайнічаць пра амністыю. Але, па вялікаму рахунку, амністыя патрэбна. Патрэбна, каб не перарабіць характар чалавека, які патрапіў у турму за няцяжкія злачынствы, на характар вечнага зьняволенага. І каб не калечыць чалавека, які ўжо пабыў за кратамі і ўсьвядоміў, што ён ня тое зрабіў (нават калі ён справядліва асуджаны), дык чаму яго не амніставаць?”
Глод: “Аднак міністар Навумаў ставіць датэрміновае вызваленьне зьняволеных у залежнасьць ад пагашэньня ўласных абавязкаў перад дзяржавай і пацярпелымі. Але дзе, цікава, гэтыя людзі будуць браць грошы?"
Грыб: “Амаль у кожнага асуджанага ёсьць не пагашаныя перад дзяржавай іскі. Гэта і паслугі адваката, і другое, і трэцяе, і пятае... Там існуе цэлы шэраг паслугаў, за якія яны ня здолелі разьлічыцца. І зьняволеныя могуць сядзець хоць дзесяцігодзьдзямі і не разьлічыцца. Бо заробкаў няма.
Мне здаецца, што дзяржава разьлічвае забраць грошы ў сваякоў асуджаных. Калі хочаце, каб я выйшаў, дык шукайце грошы – пазычайце, будзем пагашаць. І я, можа, хутчэй выйду на волю. Вось і ўсе разьлікі. І такім спосабам пагасіць даўгі. Перадусім – перад дзяржавай. Яны згадваюць тут і пацярпелых. Але, як мне падаецца, пацярпелыя тут прышытыя белымі ніткамі.