Пінск: інспэктараў выпіхвалі з рынку <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

У Пінску на Берасьцейшчыне ўзьнік канфлікт на калгасным рынку.
Прыватныя гандляры пратэставалі супраць супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі зь Ганцавічаў. Практычна ўсе гандлёвыя месцы былі зачыненыя. Калі ж інспэктары паспрабавалі скласьці пратакол аб выкрытых парушэньнях, натоўп выштурхаў іх за межы рынку.

У другой палове дня “Свабода” атрымала паведамленьне пра хваляваньні на калгасным рынку ў Пінску. Рэдакцыя папрасіла тамтэйшага актывіста грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Аляксандра Васільева наведаць рынак. Ён расказвае:

“Калі я падышоў, то там быў ужо натоўп. Людзі блякавалі калідорчыкі між ралетамі, пачалі крычыць. Не брыдкасловілі, але выказваньні былі вельмі жорсткія: “Што вы робіце?”, “Мы ж плацім падаткі, што вы яшчэ хочаце?!”

У Пінскім гарадзкім аддзеле міліцыі паведамілі, што сёньня на калгасны рынак быў накіраваны патруль па выкліку. “Людзей не затрымлівалі, спэцсродкі не выкарыстоўвалі”, — паведаміў дзяжурны міліцыянт Пятрыніч.

А вось што ўдакладняе начальнік Пінскай гарадзкой падатковай інспэкцыі Вадзім Шаўчук:

“Заяву ў міліцыю напішуць ня нашы інспэктары. Праверку праводзілі прадстаўнікі падатковай інспэкцыі з Ганцавічаў. Яны першы раз прыехалі да нас у Пінск, і вось тут атрымалася такая сытуацыя. Як будуць разьвівацца падзеі, я сказаць не магу”.

Вадзім Шаўчук абвяргае абвінавачаньні ў тым, што інспэктары з Ганцавічаў перавысілі свае паўнамоцтвы і дзейнічалі груба.

“Яны прыехалі, мы паведамілі, што ў нас ёсьць тры рынкі — калі ласка, выбірайце любы, праводзьце праверку. І калі адзін з прадпрымальнікаў азнаёміўся з прадпісаньнем інспэктараў, побач сабраліся іншыя прадпрымальнікі і не далі скончыць гэтую праверку”.

Падобны інцыдэнт адбыўся сёньня і на рынку ў Баранавічах — калі супрацоўнікі КДБ, санітарнай службы і падатковай інспэкцыі прыйшлі правяраць гандлёвае месца лідэра тамтэйшых прадпрымальнікаў Мікалая Чарнавуса.

Камэнтуе сытуацыю старшыня праўленьня грамадзкай арганізацыі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

“У Беларусі цяпер паўтараецца сытуацыя лета 2007 году. Зноў праводзяцца ператрусы, канфіскацыя і арышты тавараў. Прычыны гэтага бачу ў тым, што ўлада наабяцала народу шмат, а цяпер шукае для гэтага сродкі. І зноў адказнасьць перакладаецца на прадпрымальнікаў”.

Віктар Гарбачоў перадаў у рэдакцыю “Свабоды” копію звароту індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі ў Раду Эўропы і Эўразьвяз. Цытата з дакумэнта: “Заклікаем абараніць тых у Беларусі, хто патрабуе толькі аднаго — права працаваць, карміць сябе і свае сем’і”.

Хваляваньні прадпрымальнікаў на рынку ў Пінску



Пінскі рынак




Пералічваньне тавару